10 снежня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Усе пытанні забеспячэння жыллём ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебскай вобласці будуць вырашаны ў пачатку 2014 года. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Тарэнцьеў на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наш святы абавязак - стварыць для кожнага ветэрана камфортныя і годныя ўмовы жыцця. У вобласці на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца сем чалавек. Трэба ствараць такія ўмовы, каб яны адчувалі сябе ў поўнай меры пераможцамі", - сказаў намеснік старшыні выканкама.
Ён падкрэсліў, што пільнай увагі патрабуюць і пытанні аказання медыцынскай дапамогі. "Тут трэба наладзіць штодзённы кантроль, калі ёсць неабходнасць - перавезці ветэранаў у стацыянарную ўстанову. Асабліва гэта тычыцца тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці", - адзначыў Уладзімір Тарэнцьеў.
На пасяджэнні аргкамітэта таксама абмяркоўваліся пытанні аказання аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам ВАВ і асобным катэгорыям грамадзян, пацярпелым ад наступстваў вайны, у сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па папярэдніх даных, у Віцебскай вобласці да юбілейнай даты дапамогу атрымаюць больш за 10 тыс. чалавек.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)