– Індыкатарам даступнасці жыллёва-камунальных паслуг з'яўляюцца своечасовасць і поўнасць іх аплаты спажыўцамі, што напрамую звязана з іх коштам, – растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Дзядзёла. – Па статыстыцы спажывецкіх выдаткаў гэты артыкул складае 5,2 % сямейнага бюджэту, што цалкам супастаўна з затратамі на культуру, адпачынак і спорт. Атрыманне інфармацыі і сувязь абыходзяцца даражэй.
Аб прымальнасці камунальных выдаткаў сведчыць зніжэнне патрэбы ў безнаяўных жыллёвых субсідыях: для аплаты 591 тысячы існуючых асабовых рахункаў падтрымка ад дзяржавы спатрэбілася толькі 1300 домаўласніцтвам вобласці.
Юрый Дзядзёла таксама адзначыў, што ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ў рэгіёне выкананы каласальны аб'ём работы: адрамантавана 1,5 млн кв. метраў жыллёвага фонду, уведзены ў эксплуатацыю 99 станцый абезжалезвання вады ў вялікіх і малых населеных пунктах.
Пабудавана два заводы па прамысловай перапрацоўцы адходаў у Віцебску і Оршы. У Наваполацку ў цяперашні час будуецца аналагічны міжрэгіянальны комплекс для Полацкага, Наваполацкага, Расонскага і Ушацкага раёнаў.
– Па нарыхтоўцы і рэалізацыі мясцовых відаў паліва сёння Віцебская вобласць мае лепшыя паказчыкі ў рэспубліцы. Па выніках першага паўгоддзя доля выкарыстання дроў, шчэпак, фрэзернага торфу склала 74 %, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ. – Таксама ў бягучым годзе запланаваны мадэрнізацыя і запуск чатырох цеплакрыніц.
Асаблівую ўвагу ўдзялілі Бешанковічам, якія ператварылі да правядзення 1 этапу абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі», і гатовыя сустракаць гасцей. Старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч адзначыла, што мадэрнізацыя гарпасёлка – вынік сумеснай работы жыхароў і ўлады.
– Зручныя тратуары, абноўленыя дарогі, будынкі, установы адукацыі – усё гэта зрабіла жыццё бешанковічан больш камфортным, – канстатуе кіраўнік раёна. – Жыхары не заставаліся ўбаку, па ўласнай ініцыятыве добраўпарадкоўвалі прыдамавыя тэрыторыі і наводзілі парадак, – за гэта ім вялікая падзяка.