20 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Восем грамадзян, якія заявілі аб сваёй партыйнай прыналежнасці, падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў пятага склікання ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Леанід Дарафеенка.
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падае грамадзянін, які мае намер вылучыцца кандыдатам у дэпутаты шляхам збору подпісаў. У 14 акруговых камісій, якія ўтвораны на тэрыторыі рэгіёна, усяго пададзена 52 заявы, з якіх па чатыры заявы паступіла ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" і партыі "Беларускі народны фронт".
Рашэнне аб рэгістрацыі акруговыя выбарчыя камісіі абавязаны прыняць у пяцідзённы тэрмін, нагадаў Леанід Дарафеенка. Члены зарэгістраванай ініцыятыўнай групы атрымліваюць адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты. Зборшчыкам трэба атрымаць не менш за тысячу подпісаў выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца меркаваны кандыдат у дэпутаты.
У Віцебскай вобласці працягваецца работа па ўтварэнні ўчасткаў для галасавання. У Бешанковіцкім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбокскім, Докшыцкім, Дубровенскім, Лепельскім і Мёрскім раёнах яны ўжо ўтвораны.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працягнецца па 13 жніўня ўключна. Рэгістрацыя прэтэндэнтаў на месца ў парламенце пройдзе з 14 па 23 жніўня ўключна. Затым у Беларусі стартуе агітацыйная кампанія. Асноўны дзень выбараў - 23 верасня.-0-
БЕЛТА
Восем членаў партый падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп у Віцебскай вобласці
20.7.20120 праглядаў