23 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2011 годзе выяўляльнасць злачынстваў па лініі гандлю людзьмі і звязанымі з ёй супрацьпраўнымі дзеяннямі вырасла на 15% да 59 фактаў, у тым ліку 26 з іх - якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, у ліку выяўленых злачынстваў 10 здзейснены групай асоб і 6 - арганізаванай злачыннай групай. У суд у цяперашні час накіравана 61 крымінальная справа. Да адміністрацыйнай адказнасці за занятак прастытуцыяй у мінулым годзе прыцягнута 32 жанчыны. Таксама перакрыта 8 каналаў вывазу завербаваных асоб за межы дзяржавы.
У якасці паспяховага прыкладу па выяўленні, выкрыцці і прыцягненні да крымінальнай адказнасці асоб, датычных да гандлю людзьмі, Аляксандр Найденка прывёў спыненне дзейнасці злачыннай міжнароднай групы, якая займалася вербаваннем дзяўчат для сэксуальнай эксплуатацыі ў бардэлях Лондана. Пры гэтым аб асаблівасцях сваёй будучай дзейнасці дзяўчаты не ведалі, думаючы, што едуць на высокааплатную працу. Два вербавальнікі па гэтай справе асуджаны на 7,5 і 5,5 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.-0-
БЕЛТА
**Восем каналаў гандлю людзьмі перакрыты ў Віцебскай вобласці ў 2011 годзе**
23.1.20120 праглядаў