Фінальныя рэспубліканскія спаборніцтвы па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў "Залатая шайба" у дывізіёне А на прызы Прэзідэнта Беларусі (малодшая ўзроставая група 2005-2007 гадоў нараджэння) пройдуць з 18 па 21 сакавіка на пляцоўцы Лядовай арэны ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.
У спаборніцтвах возьмуць удзел 8 каманд, якія сталі лепшымі на абласным этапе: "Вымпел" (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці), "Паўночная сталіца" (Віцебск), "Гомель" (Цэнтральны раён), "Прынямонскія ястрабы" (Кастрычніцкі раён, Гродна), "Шахцёр" (Салігорскі раён Мінскай вобласці), "Міраж" (Горкі Магілёўскай вобласці), "Грыфоны" (Цэнтральны раён, Мінск) і "Мядзведзь" (Маскоўскі раён сталіцы). Калектывы падзеляць на дзве групы. Каманды, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах, вызначаць пераможцу турніру.
У апошнія гады ў малодшай узроставай групе часцей перамагалі мінскія каманды. У 2014 годзе поспеху дабіўся "Партызан" (Партызанскі раён, Мінск), год праз - "Беркут" з Фрунзенскага раёна, а ў 2016 і 2017 гадах перамагалі "Грыфоны" з Цэнтральнага раёна. Год таму лепшым стаў мінскі калектыў "Партызан".
Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Федэрацыя хакея Беларусі, Міністэрства адукацыі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Аршанскі райвыканкам.
Турнір "Залатая шайба" у Беларусі адроджаны па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў 1997 годзе. Спаборніцтвы юных хакеістаў атрымалі масавае развіццё ва ўсіх раёнах краіны.