2 снежня, Ворша /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Першыя 18 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці атрымалі рэкамендацыі медыкаў па зніжэнні захворвання сярод сваіх работнікаў. Рэкамендацыі сталі вынікам медыцынскага абследавання, праведзенага ў лістападзе на прадпрыемствах і ў арганізацыях Воршы, паведаміў сёння на выязным пасяджэнні ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама начальнік аблздрава Юрый Дзеркач, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адметнасцю гэтага абследавання ад звычайнай дыспансерызацыі з'яўлялася тое, што брыгады медыкаў, у якія ўключаны ўрачы розных спецыяльнасцей, а таксама выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, выязджалі на прадпрыемствы, арганізацыі і ў навучальныя ўстановы для комплекснага абследавання здароўя работнікаў і навучэнцаў. Акрамя гэтага, медыкі праводзілі маніторынг санітарна-гігіенічнага стану працоўных месцаў.
У дыспансерызацыі прынялі ўдзел каля 2 тыс. чалавек, з іх 600 чалавек пасля паглыбленых медыцынскіх аглядаў былі пралечаны ў стацыянарах у Воршы, Віцебску і рэспубліканскіх клініках. Падчас абследавання ўрачы змаглі выявіць паталогіі сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, анкалагічныя захворванні на ранніх стадыях.
Найбольшая колькасць практычна здаровых работнікаў працуе на ААТ "Воршааграпраммаш" і Аршанскім інструментальным заводзе, найменшая іх колькасць працуе на Аршанскім авіярамонтным заводзе, швейнай фабрыцы "Свiтанок".
На падставе даных, атрыманых падчас дыспансерызацыі і маніторынгу працоўных месцаў, адміністрацыі прадпрыемстваў атрымалі рэкамендацыі аб тым, якіх мер неабходна прыняць, каб палепшыць стан здароўя сваіх работнікаў. Урачы лічаць неабходным матэрыяльна стымуляваць адмову ад шкодных звычак, кампенсаваць затраты на абанементы ў спартыўна-аздараўленчыя ўстановы, арэндаваць залы для заняткаў аматарскім спортам. Кіраўнікам прад'яўлены патрабаванні па забеспячэнні тэмпературнага рэжыму ў цэхах, забеспячэнні работнікаў цёплым спецаВарта адзначыць, што некаторыя прадпрыемствы ўжо прыступілі да выканання рэкамендацый. Так, "Світанак" прывёў у адпаведнасць з нормамі асвятлення 40 рабочых месцаў, для падтрымання неабходнага мікраклімату замяніў аконныя блокі, аплаціў сваім работнікам 10 пуцёвак для санаторна-курортнага лячэння. Аршанскі льнозавод увёў грашовае заахвочванне для работнікаў, якія не маюць на працягу года бальнічных лістоў, прадпрымае меры па мадэрнізацыі сістэмы вентыляцыі для прафілактыкі хвароб органаў дыхання.
Як падкрэсліў Юрый Дзеркач, праца па дыспансерызацыі працаздольнага насельніцтва будзе працягнута па ўсёй Віцебскай вобласці, і рэкамендацыі атрымаюць усе буйныя прадпрыемствы і арганізацыі, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Галоўная мэта гэтай працы - зрабіць даступнай якасную медыцыну, прышчапіць грамадзянам прыхільнасць да лячэння, што будзе спрыяць выкананню праграмы дэмаграфічнай бяспекі.
Нягледзячы на тое, што ў вобласці сфарміраваліся пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці дэмаграфічных працэсаў, запаволіліся тэмп скарачэння колькасці насельніцтва, паменшылася смяротнасць насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост, медыкі занепакоеныя паказчыкамі смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва.-0-
БЕЛТА
Васемнаццаць прадпрыемстваў Віцебскай вобласці атрымалі рэкамендацыі па скарачэнні захворвання сваіх работнікаў
2.12.20110 праглядаў