30 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Матэрыяльна-тэхнічны стан сельскіх бібліятэк у Віцебскай вобласці і ўмовы працы персаналу будуць вывучаны ў бліжэйшы час. Даручэнне аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама даў яго старшыня Аляксандр Косінец падчас разгляду пытання аб рэалізацыі мерапрыемстваў Года кнігі ў рэгіёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выхаванне любові да кнігі і чытання трэба пачынаць са стану бібліятэк, у першую чаргу на вёсцы і ў навучальных установах", - падкрэсліў губернатар. Ён даў нездавальняючую ацэнку матэрыяльна-тэхнічнаму стану бібліятэк у некаторых населеных пунктах і запатрабаваў ад упраўлення культуры аблвыканкама ў найкароткія тэрміны вывучыць матэрыяльна-тэхнічнае становішча ўстаноў і ўмовы працы бібліятэкараў. Аляксандр Косінец таксама запатрабаваў ад мясцовых органаў улады разгледзець пытанні фінансавання рамонтных работ і ўнесці неабходныя карэкцівы ў бюджэт бягучага года, а таксама вывучыць магчымасць аб'яднання ў вёсках школьных бібліятэк і публічных, калі рамонт апошніх мэтазгодны.
Па словах намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Тарэнцева, у цяперашні час у Браслаўскім раёне праходзіць эксперымент па аб'яднанні школьных і сельскіх бібліятэк. Па яго выніках будуць зроблены высновы аб мэтазгоднасці такога кроку.-0-
БЕЛТА
Выхаванне любові да кнігі і чытання трэба пачынаць са стану бібліятэк - А.Косінец
30.5.20120 праглядаў