22 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Паветраная разведка паводкавай абстаноўкі будзе ажыццяўляцца ў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Выратавальнікі збіраюцца прыцягваць да гэтых работ авіяцыйную тэхніку Віцебскага філіяла РУП "Беллесавія МНС". За аператыўнай абстаноўкай на вадаёмах вобласці ўжо сочаць 22 інфармацыйныя гідралагічныя посты. Для аператыўнага рэагавання на магчымыя падтапленні ў перыяд вясновай паводкі і ліквідацыі яе наступстваў падраздзяленні МНС будуць пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. У вобласці створаны два зводныя атрады і каля 20 зводных груп рэагавання на паводкавую сітуацыю, укамплектаваных амаль 100 адзінкамі тэхнікі, 13 маторнымі і 26 вяслярнымі лодкамі і іншым неабходным рыштункам. У выпадку неабходнасці да работ будуць прыцягвацца штатныя і пазаштатныя вадалазныя выратавальныя службы. Акрамя таго, прыведзены ў гатоўнасць плаўсродкі ў арганізацыях вобласці, з іх - 15 катэраў, 199 маторных лодак, 863 вяслярныя і 75 гумавых лодак.
У вобласці дзейнічае сітуацыйны штаб, які забяспечвае збор, абагульненне і аналіз інфармацыі аб паводкавай абстаноўцы, што складваецца.
У цяперашні час узроўні вады на пастах гідралагічных назіранняў на рацэ Заходняя Дзвіна і яе прытоках не перавышае крытычных, усё яшчэ захоўваецца ледастаў таўшчынёй ад 20 да 45 см. Па прагнозах гідралагічнай службы, максімальныя ўзроўні вады вясновага разводдзя ў басейне ракі Заходняя Дзвіна чакаюцца блізкімі да сярэдніх мнагагадовых значэнняў.
Па выніках мнагагадовых назіранняў найбольш часта падтопляемымі раёнамі Віцебскай вобласці з'яўляюцца: Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Мёрскі, Полацкі, Шаркаўшчынскі, Лепельскі. Асноўнымі крыніцамі падтапленняў у Віцебскай вобласці з'яўляюцца рэкі Заходняя Дзвіна, Ула, Дзісна, Дрыса, Гаражанка, Лучоса, возера Лепельскае.
МНС таксама нагадвае, што грамадзянам, асабліва пражываючым у прыватным сектары, варта і самім паклапаціцца аб мерах асабістай бяспекі: прадугледзець шляхі магчымай эвакуацыі, неабходнасць страхавання маёмасці, правядзенне ачысткі снегу з двароў і водаспускаў.-0-
БЕЛТА
Паветраную разведку паводкавай сітуацыі будуць праводзіць у Віцебскай вобласці
22.3.20120 праглядаў