14 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Пытанне аб магчымасці аднаўлення валютнага крэдытавання фізaсоб на будаўніцтва жылля будзе разглядацца на ўзроўні праўлення Нацыянальнага банка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Нацбанка Беларусі Аляксандр Цімашэнка.
"Рашэнне аб аднаўленні альбо неаднаўленні валютнага крэдытавання можа быць прынята толькі праўленнем Нацыянальнага банка, на аснове глыбокага аналізу ўсіх плюсаў і мінусаў, магчымых эканамічных наступстваў такога кроку", - растлумачыў Аляксандр Цімашэнка. Прадстаўнік Нацбанка дадаў, што калі па гэтым пытанні будзе прынята якое-небудзь рашэнне, адпаведная інфармацыя будзе аператыўна даведзена да шырокай грамадскасці.
Нацыянальны банк у сярэдзіне 2009 года прыпыніў выдачу беларускімі банкамі валютных крэдытаў фізічным асобам, а ў канцы 2010 года і зусім забараніў такога кшталту крэдытаванне. Рашэнне было абумоўлена высокім узроўнем рызыкі па валютных крэдытах.
13 лютага на пасяджэнні Савета Міністраў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што лічыць мэтазгодным дазволіць валютнае крэдытаванне фізічных асоб на будаўніцтва жылля і звярнуўся да Нацыянальнага банка і камерцыйных банкаў з просьбай падтрымаць гэту ініцыятыву. Па словах прэм'ера, у бягучым годзе аб'ём сродкаў насельніцтва, накіроўваемы на будаўніцтва жылля, павінен вырасці больш чым на Br15 трлн., і без належнай крэдытнай падтрымкі па даступных працэнтных стаўках рэалізаваць гэта будзе проста немагчыма.-0-