27 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Магчымасці шырокага распаўсюджвання форм самастойнага пражывання інвалідаў абмяркоўваюць сёння работнікі сацыяльнай абароны Віцебскай вобласці са сваімі шведскімі калегамі на міжнародным семінары ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Двухдзённая канферэнцыя "Самастойнае пражыванне маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі" праводзіцца ў рамках беларуска-шведскага праекта "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці", які рэалізуецца паміж Віцебскай вобласцю і шведскім Хальмстадам з 2005 года. Старшыня камітэта па сацыяльнай абароне мэрыі Хальмстада Ханс-Ёрген Вальхед падкрэсліў: "За гэты час у Віцебскай вобласці праведзена вялікая праца па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, спыненні ізаляцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі". У якасці бачных дасягненняў ён адзначыў шырокую інфармаванасць па гэтай тэме спецыялістаў сацыяльнай абароны, адкрыццё аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў пры кожным з 27 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці, арганізацыю ў іх гурткоў і клубаў па розных напрамках, удзел у якіх дазваляе людзям з абмежаванымі магчымасцямі развівацца, адчуваць сябе роўнымі членамі грамадства. Яшчэ адным важным момантам, на яго думку, стала адкрыццё Багушэўскім домам-інтэрнатам у Сенненскім раёне двух дамоў, дзе выхаванцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця гэтага сацустановы, што выраслі, атрымалі магчымасць пражываць самастойна. Рэалізацыя гэтага праекта таксама праходзіла пры шведскай падтрымцы.