2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адноўлена пасажырскае чыгуначнае злучэнне паміж Беларуссю і Латвіяй. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай чыгункі.
Сёння раніцай у Мінск прыбыў з Рыгі цягнік Латвійскай чыгункі, а ў латвійскую сталіцу – састаў беларускага фарміравання. Чыгуначнае злучэнне паміж Беларуссю і Латвіяй адноўлена на парытэтнай аснове з Латвійскай чыгункай, адзначылі ў БЧ.
У Мінск сёння разам са звычайнымі пасажырамі ў цягніку прыбыла дэлегацыя Міністэрства зносін Латвіі на чале з дзяржсакратаром міністэрства Анрыйсам Мацісам. У сувязі з аднаўленнем чыгуначных пасажырскіх зносін паміж дзвюма краінамі першым рэйсам у сталіцу Беларусі таксама прыехалі прадстаўнікі Латвійскай чыгункі, латвійскай кампаніі L-EKSPRESIS, якая спецыялізуецца на абслугоўванні міжнародных цягнікоў, а таксама латвійскія журналісты. Прадстаўнікі СМІ азнаёмяцца з турыстычным патэнцыялам Беларусі, працай і перспектывамі развіцця пасажырскага комплексу Беларускай чыгункі.
Рух цягніка Мінск-Рыга аднавіўся з увядзеннем на беларускай магістралі графіка руху пасажырскіх цягнікоў у міждзяржаўных зносінах на 2011-2012 гады. У летні перыяд цягнік у гэтым напрамку будзе курсіраваць штодзённа. З Мінска ён будзе адпраўляцца ў 20.07, а прыбываць у Рыгу раніцай у 8.00. Час яго адпраўлення з Рыгі – 19.00, прыбыцця ў сталіцу Беларусі – 7.31. У зімовы перыяд перыядычнасць курсіравання скароціцца да двух разоў на тыдзень – цягнік будзе адпраўляцца з Мінска і з Рыгі па пятніцах і нядзелях.-0-
БЕЛТА
Аднавіліся пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Беларуссю і Латвіяй
2.6.20110 праглядаў