18 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аднаўленне выдачы насельніцтву крэдытаў у валюце для будаўніцтва жылля дало б штуршок развіццю будаўнічай галіны. Такую думку карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня камітэта па будаўніцтве і архітэктуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус.

"Аднаўленне валютнага крэдытавання насельніцтва на жыллёвае будаўніцтва выгадна для будаўнічай індустрыі, яно надасць імпульс яе развіццю. Аднак запатрабаванасць у такіх крэдытах будзе большай у буйных гарадах, перш за ўсё ў сталіцы. У раённых цэнтрах дзяржавай прадастаўлены шырокія магчымасці для атрымання льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля ў беларускіх рублях, таму там насельніцтва ў меншай ступені зацікаўлена ў валютным крэдытаванні", - лічыць суразмоўнік.

У Віцебскай вобласці ў 2012 годзе ўведзена ў строй 402,5 тыс.кв.м жылля. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 271,8 тыс.кв.м агульнай плошчы, у тым ліку з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі - 253,1 тыс.кв.м. У шматкватэрных жылых дамах у гарадах уведзена 235,3 тыс.кв.м агульнай плошчы, з іх для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, - 216,3 тыс.кв.м.

У 2013 годзе ў вобласці плануецца пабудаваць 600 тыс.кв.м жылля, у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай - 240 тыс.кв.м.

Як паведамлялася раней, урад Беларусі выказаўся за аднаўленне валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жылля. Нацыянальны банк у сярэдзіне 2009 года прыпыніў выдачу беларускімі банкамі валютных крэдытаў фізічным асобам, а ў канцы 2010 года забараніў яго канчаткова. Рашэнне было абгрунтавана высокім узроўнем рызыкі па валютных крэдытах.-0-