Экзэмпляраў гэтай кнігі ў Беларусі ўсяго 500, і два з іх цяпер ёсць у нашым горадзе.
Экзэмпляраў гэтай кнігі ў Беларусі ўсяго 500, і два з іх цяпер ёсць у нашым горадзе. Факсімільныя копіі некалі страчанай святыні — «Слуцкага Евангелля» — былі падораны Лепелю падчас кніжнай праваслаўнай выставы-кірмашу «Радасць Слова», якая прайшла ў нас у межах Дзён праваслаўнай пісьменнасці і была прысвечана 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Азнаёміцца са «Слуцкім Евангеллем» цяпер зможа кожны. Адзін экзэмпляр будзе захоўвацца ў храме Раства Хрыстова, другі – у цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Урачыста перадаў святыню бібліятэцы благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Адам Каледа на адкрыцці фотавыставы, прысвечанай таксама святкаванню ў Беларусі 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Усяленская бажэственная літургія, хрэсны ход у Мінску – удзел лепельчан у гэтых падзеях захаваў дырэктар духоўна-асветніцкага цэнтра храма Параскевы Пятніцы Віталь Каласоўскі. Выставачны экспазіцыйны матэрыял змог змясціць у сябе толькі частку яго работ, у хатнім жа архіве памяць пра той дзень захоўваюць больш за сто фотаздымкаў.
У чытальнай зале ганаровае месца заняло і «Слуцкае Евангелле».
«Слуцкае Евангелле», страчанае разам з Крыжам прападобнай Ефрасінні Полацкай, да нашчадкаў магло так і не дайсці, калі б не адна падзея… Кнігу, перапісаную ўласнай рукой у 1582 годзе, князь Юрый Алелькавіч перадаў Свята-Троіцкаму манастыру, дзе яна і знаходзілася да 1917 года. Больш за дзесяць гадоў святыня захоўвалася ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, потым яе перавезлі ў Магілёў, дзе яна і знікла на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І толькі ў 1991 годзе была зноў знойдзена, калі ў звычайны буднічны дзень прыхаджанка мінскага храма папрасіла святара адпяваць мужа. У падзяку яна падарыла рукапіснае Евангелле, якое захоўвалася ў яе доўгі час. Жанчына нават і не ведала, якое значэнне мела гэтая кніга.