26 кастрычніка, Мінск /Вольга Швайко - БЕЛТА/. Вынікі працы хірургічнай службы Беларусі, а таксама перспектыўныя напрамкі развіцця абмяркуюць 11-12 лістапада ўдзельнікі 14-га з'езда хірургаў рэспублікі. Форум праводзіцца раз на чатыры гады і кожны раз у розных гарадах краіны. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны хірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Пікірэня, сёлета ўдзельнікаў з'езда прыме Віцебск. Акрамя беларускіх спецыялістаў форум наведаюць і прадставяць свае даклады ўрачы з-за мяжы. У ліку запрошаных - прадстаўнікі Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы, Германіі, Польшчы і іншых краін. Усяго ўдзел у дыскусіі возьмуць больш за 250 дэлегатаў. У парадак дня з'езда ўнесены шырокае кола тэм. Удзельнікі форуму разгледзяць пытанні, якія тычацца развіцця кардыяхірургіі, сасудзістай хірургіі, хірургічнай дапамогі дзецям і інш. Шмат дакладаў прысвечана аперацыям на падстраўнікавай залозе. На сёлетнім з'ездзе ўпершыню будуць абмяркоўвацца пытанні, якія тычацца трансплантацыі органаў і тканак. Гэта галіна медыцыны ў нашай краіне ў апошнія гады актыўна развіваецца. Так, за дзевяць месяцаў бягучага года ў Беларусі ўжо выканана 24 аперацыі па перасадцы печані, 87 - нырак і 17 трансплантацый сэрца. Ва ўсім свеце ў хірургіі робяць стаўку на развіццё малаінвазіўных (малотравматычных) і стацыянарзамяшчальных тэхналогій. Не адстаюць ад сваіх замежных калег і айчынныя хірургі. Так, у РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак паспяхова прайшлі лапараскапічныя аперацыі па заборы ныркі ў жывога роднаснага донара. Падобныя метады дазваляюць з найменшымі траўмамі і рызыкай для донара забраць орган. Такія аперацыі выконваюцца пры вялікім аптычным павелічэнні, яны больш бяспечныя. Пасля такога аператыўнага ўмяшання практычна не застаецца касметычных дэфектаў, рэабілітацыя праходзіць хутчэй, і ўжо на трэція суткі пацыент можа быць выпісаны з бальніцы. Як адзначыў Іван Пікірэня, выкарыстанне ў беларускіх клініках тэхналогіі "хірургія аднаго дня" дазваляе значна эканоміць бюджэтныя сродкі, бо выдаткі на знаходжанне пацыента ў стацыянары - адзін з дарагіх пунктаў у змеце выдаткаў на лячэнне хворага. На яго думку, тэхналогія "хірургія аднаго дня" цалкам апраўдала сябе ва ўстановах аховы здароўя. Яна больш за тры гады паспяхова прымяняецца ў многіх клініках рэспублікі, прычым не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах.-0-

БЕЛТА