1 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Усе аўтадарогі, якія злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі, будуць платнымі, паведаміў 29 лютага журналістам міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сістэма спагнання платы за праезд будзе ўведзена на ўсіх рэспубліканскіх дарогах першай катэгорыі. У Беларусі ўжо дзейнічае адна платная дарога - М-1/Е30. У найбліжэйшай будучыні платнымі стануць дарогі з Мінска на Магілёў, Гомель, Гродна, Віцебск. "Усе аўтадарогі з Мінска, якія будуць даведзены да першай катэгорыі, будуць платнымі", - сказаў Іван Шчэрба. Пры гэтым ён дадаў, што сістэму збору аплаты за праезд не будуць уводзіць на Мінскай кальцавой аўтадарозе, разам з тым другая кальцавая аўтадарога, якую плануецца пабудаваць, будзе платнай.
Міністр адзначыў, што Беларусь выбрала аўстрыйскую кампанію Kapsch TrafficCom AG у якасці партнёра для стварэння нацыянальнай электроннай сістэмы спагнання збораў за праезд па дарогах Беларусі. "Мы вывучылі вопыт еўрапейскіх краін і прыйшлі да высновы, што для Беларусі гэтая сістэма найбольш прымальная", - адзначыў ён.
У сваю чаргу выканаўчы дырэктар аўстрыйскай кампаніі Эрвін Топлак растлумачыў, што сістэма, якая плануецца да фарміравання, не патрабуе прыпынку аўтатранспарту для ажыццяўлення аплаты на спецыяльных пунктах. Для праезду па платных дарогах неабходна будзе атрымаць бартавую прыладу, дзякуючы якой машына будзе праязджаць праз пункты аплаты, не спыняючыся. Кіроўцы могуць зрабіць аплату за праезд па аўтадарогах загадзя альбо пасля праезду па ёй. Гэтая тэхналогія рэалізуецца па ўсім свеце. Аўстрыйская кампанія абсталявала больш за 215 падобных установак не толькі ў Еўропе, але і ў Аўстраліі, ЗША, Паўднёвай Афрыцы.
Эрвін Топлак выказаў упэўненасць у тым, што праект будзе паспяховым і ў Беларусі, інвестыцыі, укладзеныя ў яго, акупяцца, паколькі транспартныя патокі па тэрыторыі Беларусі ўстойліва растуць. Аўстрыйская кампанія не толькі пабудуе саму сістэму, але і будзе забяспечваць яе абслугоўванне, прыцягваючы да гэтага працэсу беларускіх спецыялістаў. Чакаецца, што эксплуатацыя новай сістэмы пачнецца ўжо ў 2013 годзе. Пры гэтым выдача спецыяльных бартавых прылад для праезду па платных дарогах пачнецца загадзя. Гэта дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для камфортнага праезду аўтатранспарту па платных дарогах.
БЕЛТА
Усе аўтадарогі, якія злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі, зробяць платнымі
1.3.20120 праглядаў