8 красавіка, Наваполацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. На працягу двух-трох бліжэйшых гадоў усе гасцініцы Беларусі павінны ўвайсці ў сусветную сістэму інтэрнэт-браніравання. Такая задача пастаўлена сёння на пасяджэнні Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызму пры Саўміне (МЭКС), якое праходзіла ў Наваполацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга падкрэсліў, што гасцінічнай сферы неабходна больш актыўна ўкараняць IT-тэхналогіі, ствараць сайты гасцініц, на якіх любы ахвотны можа паглядзець нумары і забраніраваць спадабаўшыся ў рэжыме рэальнага часу.
Разам з тым, паводле даных Мінспорту, толькі кожная дзясятая гасцініца ў Беларусі мае сайт. Прычым толькі пяць сайтаў гасцінічных комплексаў маюць версіі на замежных мовах.
Яшчэ адной праблемай беларускага гасцінічнага бізнесу Часлаў Шульга назваў адсутнасць дадатковых паслуг для кліентаў накшталт дастаўкі білетаў, чысткі абутку і падобнага. У той час як 57% гасцініц прадастаўляюць сваім кліентам звыш пяці паслуг, пятая частка гасцініц не аказвае ніводнай. Між тым сусветная практыка паказвае, што на $1 паслуг за пражыванне прыпадае $5 дадатковых паслуг. Якасць і цана сэрвісу таксама часам не адпавядаюць патрабаванням кліентаў.
На думку ўдзельнікаў пасяджэння МЭКС, у Беларусі неабходна стварыць заканадаўчую базу для прыцягнення інвестыцый у гасцінічны сэрвіс. У кожным райцэнтры павінна быць не менш за дзве гасцініцы, якія працуюць у розным цэнавым сегменце. Акрамя таго, варта разгледзець магчымасць прадастаўлення статусу юрыдычнай асобы гасцініцам, якія знаходзяцца ў ведамстве Мінжылкамгаса. Магчыма, што неўзабаве ў Беларусі з'явяцца трэнінг-гатэль і трэнінг-аграсядзіба, дзе будуць навучаць персанал сярэдняга звяна.-0-
БЕЛТА
Усе гасцініцы Беларусі цягам 2-3 гадоў павінны ўвайсці ў сусветную сістэму браніравання
8.4.20110 праглядаў