18 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Усе лясгасы Віцебскай вобласці прыступілі да здачы бярозавіку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага абласнога дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВГПЛГА) Алег Грыцкевіч.

Нарыхтоўка бярозавіку пачалася ў Віцебскай вобласці на бягучым тыдні. Першымі да гэтай работы прыступілі Бегамльскі, Дзісненскі, Глыбокскі, Аршанскі і Талачынскі лясгасы. За мінулыя тры дні яны здалі на прадпрыемствы рэгіёну больш за 75 т вясновага напою. З 18 красавіка да здачы соку прыступяць і астатнія лясгасы вобласці.

Найбольш актыўна працэс нарыхтоўкі напою праходзіць у Глыбокскім і Бегамльскім лясгасах, якія маюць намер нарыхтаваць сёлеташняй вясной па 350 т. Менш аб'ёмныя планы па здачы соку - па 100-150 т - намечаны ў астатніх лясгасах ВГПЛГА. Усяго сёлета лясгасы вобласці плануюць здаць каля 2 тыс. т соку, які будзе пастаўлены на перапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебскага аблспажыўсаюза, ДВА "Віцебскхарчпрам" і Барысаўскі кансервавы завод.

"Працягласць збору соку залежыць ад надвор'я, аднак, па папярэдніх разліках і з улікам зацяжной зімы, сёлеташняй вясной нарыхтоўка працягнецца каля 20 дзён", - адзначыў Алег Грыцкевіч.

Ён таксама нагадаў, што набыць салодкі напой у любым лясгасе могуць таксама фізічныя асобы. Кошт 1 л складае ад Br800 да Br1 тыс. Адным з першых салодкую прадукцыю насельніцтву вобласці рэалізаваў Віцебскі лясгас, які прадаў 2 т соку.-0-