Усебеларуская акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!", прысвечаная Дню Канстытуцыі, стартуе 12 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Усебеларуская акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!", прысвечаная Дню Канстытуцыі, стартуе 12 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Плануецца, што 12 сакавіка ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці пашпарты 14-гадовым падлеткам уручыць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Галоўнымі героямі ўрачыстасці стануць 27 юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Усе яны - выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд.
Акцыя пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 12 па 15 сакавіка. Традыцыйна пуцёўкі ў дарослае жыццё маладыя людзі атрымаюць з рук кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх дзеячаў і іншых заслужаных і аўтарытэтных людзей краіны. "Цэнтральныя мерапрыемствы адбудуцца таксама 14 сакавіка ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, 15 сакавіка - у Савеце Рэспублікі і Канстытуцыйным Судзе", - расказалі ў прэс-службе.
Тут адзначылі, што асаблівасцю патрыятычнага праекта БРСМ сёлетага года стане ўдзел у ім пераможцаў маладзёжнай эстафеты творчасці "Мая Беларусь. Мая будучыня", якія прачытаюць падчас урачыстых мерапрыемстваў вершы ўласнага сачынення пра Беларусь і сваю малую радзіму.
Усебеларуская акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!", ідэйным натхняльнікам якой з 2004 года выступае БРСМ, заняла годнае месца сярод рэспубліканскіх патрыятычных праектаў, карыстаецца папулярнасцю і падтрымкай з боку органаў дзяржаўнай улады, падкрэслілі ў прэс-службе. Праект паспеў аб'яднаць тысячы юнакоў і дзяўчат.