Усебеларуская маладзёжная будоўля "БелАЭС-2018" завяршае працоўны семестр 23 жніўня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар ЦК ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Алег Дзікун.

Усебеларуская маладзёжная будоўля "БелАЭС-2018" завяршае працоўны семестр 23 жніўня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар ЦК ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Алег Дзікун.

"Сёлета на БелАЭС працуюць каля 300 маладых людзей у складзе 20 лінейных студэнцкіх будаўнічых атрадаў. З іх тры студатрады расійскія - з Ніжняга Ноўгарада, Обнінска і Масквы. Маладыя людзі выконваюць агульнабудаўнічыя, аздабленчыя, электрамантажныя, цеслярскія, малярныя работы, геадэзічныя здымкі. Многія працуюць на будоўлі не першы год і займаюцца больш кваліфікаванай працай. Пакуль рана казаць пра заробкі гэтага года, разлік байцы атрымаюць пасля закрыцця працоўнага семестра, якое запланавана на 23 жніўня. Толькі скажу, што заробак здзельна-прэміяльны і ўсё напрамую залежыць ад відаў і аб'ёму выконваемых работ", - удакладніў Алег Дзікун.

Паводле яго слоў, падчас урачыстай цырымоніі закрыцця працоўнага семестра наймальнікам, лепшым байцам атрадаў і камандзірам будуць уручаны падзякі. "Нашы хлопцы выконваюць вялікі аб'ём работ, прычым робяць гэта якасна. Мы атрымліваем шмат станоўчых водгукаў. Спадзяюся, што ўсе падрадчыкі добра ацэняць працу моладзі сёлета. Лепшыя будуць адзначаны падзякамі і каштоўнымі падарункамі", - распавёў другі сакратар ЦК.

Для хлопцаў, якія працуюць на БелАЭС, распрацавана насычаная культурная праграма. "Байцы ўжо наведалі з экскурсіямі Мінск, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", мемарыяльны комплекс "Хатынь". У гэтыя выхадныя плануем правесці велапрабег па маршруце Ашмяны - Астравец - Ашмяны. Акрамя таго, 25 жніўня на БелАЭС пройдзе сустрэча байцоў Усебеларускай маладзёжнай будоўлі з вядомым беларускім выканаўцам Дзмітрыем Калдуном. Ён паўдзельнічае ў майстар-класе "Праца крутая", пройдзе студатрадаўскі квэст, пасвячэнне ў байцы", - адзначыў Алег Дзікун.