Адзначаемы
28 ліпеня Сусветны дзень барацьбы з гепатытам закліканы павысіць дасведчанасць
пра вірусны гепатыт – запаленчае паражэнне печані, якое прыводзіць да
цяжкай паталогіі печані і выклікае гепатацэлюлярную карцыному.
Тэма гэтага года
сфармулявана як «Прыйшоў час дзейнічаць». Кожныя 30 секунд ад
наступстваў гепатыту памірае яшчэ адзін чалавек, і мы павінны паскорыць дзеянні,
якія дапамогуць павысіць эфектыўнасць прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння
гепатыту ў інтарэсах выратавання жыццяў і паляпшэння вынікаў гэтага захворвання.
Існуе пяць
асноўных тыпаў віруснага гепатыту – A, B, C, D і E. Найбольш распаўсюджаны
гепатыты B і C, якія кожны год прыводзяць да смерці 1,3 млн чалавек
і інфікаванню 2,2 млн чалавек.
Нягледзячы на
з'яўленне больш эфектыўных сродкаў дыягностыкі і лячэння гепатыту і зніжэнне
коштаў на іх, ахоп дыягностыкай і лячэннем не пашыраецца. Аднак мэта САЗ
па элімінацыі гепатыту да 2030 г. усё яшчэ дасягальная, калі мы будзем
дзейнічаць хутка ўжо зараз.
Заражэнне віруснымі гепатытамі адбываецца рознымі спосабамі. Вірусныя гепатыты дзеляцца на дзве вялікія групы: з фекальна-аральным механізмам перадачы (А, Е) і парентеральным механізмам перадачы (В, С, D). Гепатыты A і E перадаюцца пераважна праз забруджаную ваду, харчовыя прадукты і брудныя рукі. Перадача гепатыту B, C і D ажыццяўляецца праз кроў (пры ін'екцыйным увядзенні наркатычных сродкаў, пры выкарыстанні нестэрыльнага інструментарыя падчас нанясення татуіровак, пірсінгу, правядзення касметычных, манікюрных і педыкюрных працэдур, медыцынскіх маніпуляцый, звязаных з парушэннем цэласнасці скуры і слізістых абалонак), ад інфікаванай маці дзіцяці падчас родаў і пры неабароненым палавым кантакце.
Для парентеральных вірусных гепатытаў В і С магчымае цячэнне як у вострай, так і ў хранічнай форме. Хранічныя формы вірусных гепатытаў B і C могуць працякаць бессімптомна на працягу доўгага часу, часам да некалькіх гадоў ці нават дзесяцігоддзяў, але, у той жа час, з'яўляюцца адной з прычын цырозу і раку печані.
Своечасовая дыягностыка і лячэнне віруснага гепатыту B і C можа ратаваць жыцці людзей.
Прафілактычнымі мерапрыемствамі супраць гепатытаў А і Е вірусных з'яўляецца ўжыванне ў ежу чыстай вады, вымытых агародніны і садавіны і захаванне правілаў асабістай гігіены.
Прафілактыка гепатытаў В і С:
- выкарыстанне прэзерватыва пры выпадковых палавых кантактах;
- катэгарычная адмова ад наркотыкаў;
- недапушчэнне маніпуляцый, падчас якіх парушаецца цэласнасць скурных і слізістых пакроваў - татуіроўкі, пірсінг, манікюр і інш., калі яны праводзяцца ў непрыстасаваных сумнеўных умовах, дзе не выконваецца прынцып стэрыльнасці прадметаў і абсталявання.
- выкарыстанне толькі індывідуальных прадметаў асабістай гігіены: брытвенных і манікюрных прылад, ручнікоў, нажніц, грабянцоў, мыла, зубных шчотак.
Найбольшае значэнне ў прафілактыцы мае вакцынацыя. Вакцыны супраць гепатытаў А і В эфектыўныя і бяспечныя і ўжываюцца ў многіх краінах свету на працягу многіх гадоў. У Рэспубліцы Беларусь імунізацыя насельніцтва супраць гепатыту В праводзіцца ў рамках Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак.
Імунізацыя супраць віруснага гепатыту А праводзіцца бясплатна па эпідэміялагічных паказаннях і на платнай аснове ў паліклініках па месцы жыхарства.
Дзякуючы комплексу прафілактычных і проціэпідэмічных мерапрыемстваў захворванне на вострыя вірусныя гепатыты В і С у Рэспубліцы Беларусь працягвае зніжацца. Далейшая рэалізацыя праграм прафілактыкі гепатыту В і, у першую чаргу, праграмы вакцынацыі насельніцтва, прывядзе да зніжэння захворвання на востры гепатыт В на ўсёй тэрыторыі краіны да адзінкавых выпадкаў і спынення перадачы віруса ад маці дзіцяці падчас родаў.
Вакцына супраць гепатыту С не распрацавана, што звязана з высокай зменлівасцю віруса. Аднак, дасягнуты значныя поспехі ў лячэнні хранічнага гепатыту С. Прарыў у лячэнні звязаны з з'яўленнем новых высокаэфектыўных і бяспечных прэпаратаў, якія дазваляюць цалкам вылечыцца ад гепатыту С. Супрацьвіруснае лячэнне пры хранічным гепатыце В не дазваляе цалкам выдаліць вірус з арганізма, але дае магчымасць знізіць яго колькасць у крыві (вірусную нагрузку) аж да невызначальнага ўзроўню, што прыводзіць да зніжэння рызыкі развіцця цырозу і раку печані. Таму важна своечасова дыягнаставаць гэтыя захворванні, назірацца ў лекара і пры наяўнасці паказанняў праходзіць лячэнне.
У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца праграма па лячэнні віруснага гепатыту С, што дазволіць у бліжэйшы час знізіць або ліквідаваць захворванне на гэту інфекцыю.
ГУ
«Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»