14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны дзень якасці адзначаецца сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Гэта свята праходзіць у межах Еўрапейскага тыдня якасці (11-17 лістапада), дэвіз якога - "Дасягнуць якасці - дасягнуць поспеху".
У Беларусі пытанні павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, нарошчвання экспартнага патэнцыялу ўключаны ў асноўныя праграмы развіцця, па якіх працуе краіна, адзначылі ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі. Дзяржстандарт разам з прамысловасцю, навукай, бізнесам працуе над фарміраваннем канкурэнтаздольнай эканомікі і забеспячэннем сацыяльных інтарэсаў грамадства.
Эфектыўнасць праводзімай у краіне тэхнічнай палітыкі шмат у чым вызначаецца ўзроўнем развіцця заканадаўства ў сферы тэхнічнага рэгулявання. У Беларусі яно пастаянна абнаўляецца і пашыраецца, каб адпавядаць хутка зменлівым міжнародным патрабаванням, актуальным задачам развіцця нацыянальнай эканомікі, інтэграцыйных працэсаў.
У прыватнасці, у сувязі з фарміраваннем інавацыйных механізмаў у тэхнічнай палітыцы і функцыянаваннем Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы прадугледжана падрыхтоўка двух праектаў законаў Беларусі на аснове пакетнага прынцыпу. Гаворка ідзе пра ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб тэхнічным нармаванні і стандартызацыі" і "Аб ацэнцы адпаведнасці тэхнічным патрабаванням і акрэдытацыі органаў па ацэнцы адпаведнасці". Першы з гэтых законаў працуе ўжо амаль 10 гадоў. Таму сёння назрэла неабходнасць перагледзець гэтыя законы. Як адзначылі ў Дзяржстандарце, рэвалюцыйных змен у гэтых актах не будзе, але адбудзецца пэўная перазагрузка, якая звязана з тым, што Беларусь стала членам Мытнага саюза. Таму заканадаўства неабходна напоўніць практыкай прымянення тэхнічных рэгламентаў, вопытам работы з іншымі дзяржавамі СНД. Гэтыя законапраекты падрыхтаваны да разгляду ва ўстаноўленым парадку ўсімі зацікаўленымі бакамі.