2 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Усеагульнае медыцынскае абследаванне эканамічна актыўнага насельніцтва пачалося ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач. Адметнасцю гэтага абследавання ад звычайнай дыспансерызацыі з'яўляецца тое, што брыгады медыкаў, у якую ўключаны ўрачы розных спецыяльнасцей, а таксама выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, выязджаюць на прадпрыемствы, арганізацыі і ў навучальныя ўстановы для комплекснага абследавання здароўя работнікаў і навучэнцаў. Акрамя гэтага, медыкі праводзяць маніторынг санітарна-гігіенічнага стану працоўных месцаў і напярэдадні чаканай эпідэміі вірусных інфекцый і грыпу даюць кансультацыі па прафілактыцы прастудных захворванняў зыходзячы з ацэнкі стану здароўя абследаванага. У выпадку выяўлення сур'ёзных адхіленняў у стане здароўя ўрачы накіроўваюць пацыентаў на больш паглыбленае абследаванне ў клінікі, у тым ліку абласнога цэнтра. Пасля таго, як медыкі завершаць сваю працу ў працоўных і навучальных калектывах, будзе праведзены аналіз стану здароўя эканамічна актыўнага насельніцтва, устаноўлены прычыны і фактары, якія ўплываюць на захваральнасць гэтай групы насельніцтва. Працадаўцы атрымаюць канкрэтныя рэкамендацыі па прафілактыцы прафесійных захворванняў. Па словах Юрыя Дзеркача, медыцынскае абследаванне праводзіцца ў рамках рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі і абумоўлена неабходнасцю зніжэння смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва. У 2015 годзе ў вобласці прадугледжваецца знізіць смяротнасць сярод гэтай катэгорыі да 5,0 на 1 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ў вобласці да 2010 года сфарміраваліся пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці дэмаграфічных працэсаў, запаволіліся тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва, паменшылася смяротнасць насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост, медыкі занепакоены паказчыкамі смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва.