Усеагульнае навучанне можна адмяніць пасля пераходу на адзіны рэгістр насельніцтва. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" па выніках даклада Прэзідэнту распавёў міністр адукацыі Ігар Карпенка, паведамляе БЕЛТА.
Міністр адказаў на пытанне аб тым, што настаўнікам даводзіцца весці шмат дакументаў. "Калі гэта план працы класнага кіраўніка, то нікуды мы ад гэтага не сыдзем. Калі мы гаворым пра настаўніка - гэта план-урок. Для мяне не прынцыпова - ёсць у яго гэты план-урок ці няма, галоўнае, каб ён якасна гэты ўрок правёў. Разам з тым больш вопытны настаўнік не скардзіцца, што трэба рыхтаваць план-урок, ён, як правіла, рыхтуе яго. Менш вопытныя, як правіла, да гэтага не заўсёды гатовыя, - адзначыў Ігар Карпенка. - Мы прынялі адпаведны загад міністра, дзе дакладна вызначылі пералік дакументаў, якія вядуць тыя ці іншыя катэгорыі педагагічных работнікаў. І мы будзем гэтага прытрымлівацца". Міністр дадаў, што сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам таксама вялася падобная размова.
"Вось кажуць - адмяніце ўсеагульнае навучанне. Але не адмянімо мы ўсеагульнае навучанне, таму што мы ўсё роўна павінны ведаць, колькі дзяцей прыйдзе да нас у школу - каб планаваць і фінансаванне, колькі класаў трэба рыхтаваць. Гэта своеасаблівы аналіз. Калі мы пяройдзем на адзіны рэгістр насельніцтва - тады, можа быць, будзе магчыма гэта зрабіць", - сказаў Ігар Карпенка.
Ён таксама закрануў тое, што настаўнікі ходзяць у сям'ю. "Я думаю, што настаўнік павінен ведаць, у якіх умовах яго выхаванцы знаходзяцца дома, гэта не значыць, што ён кожны дзень павінен хадзіць туды", - падкрэсліў міністр. "Калі будуць заўвагі з месцаў, што кагосьці прымушаюць нейкія непатрэбныя дакументы пісаць - мы з гэтым разбярэмся. І мне сёння не патрэбныя фатаграфіі ці справаздачы аб выхаваўчых мерапрыемствах, мне дастаткова зайсці на сайт школы - і я ўбачу, што праводзіцца, што не праводзіцца. Калі сайт школы не абнаўляўся з 2016 года, то ўсё зразумела", - дадаў ён. Міністр таксама паведаміў, што кіраўнік дзяржавы на сённяшняй сустрэчы падкрэсліў, што адказнасць кіраўніка школы за тое, што там робіцца, як ніколі актуальная.
Адказваючы на пытанне аб магчымым змяненні крытэрыяў да 10-бальнай шкалы ацэнкі ведаў, міністр заўважыў, што патрэбна канкрэтыка з месцаў. Пры гэтым у міністэрстве гатовыя ўзняць гэты дакумент і перапрацаваць яго пры неабходнасці. Што тычыцца шостага школьнага дня, то ў дадзеным выпадку не павінна быць "дурной і нікому не патрэбнай прымусоўкі".