Усіх работнікаў мадэрнізуемых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі перавядуць на кантракт
7.12.20120 праглядаў
7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, якім аказваецца дзяржаўная падтрымка па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцей, будуць пераведзены на кантрактную форму найму. Гэта прадугледжана дэкрэтам №9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці", які кіраўнік дзяржавы падпісаў 7 снежня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент прыняты з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання мер дзяржаўнай падтрымкі ў ходзе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці, умацавання працоўнай дысцыпліны і матэрыяльнага стымулявання работнікаў. Дэкрэтам прадугледжаны перавод на кантрактную форму найму работнікаў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці, якім у адпаведнасці з указам ад 18 кастрычніка 2007 года №529 "Аб некаторых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці" аказваецца дзяржаўная падтрымка па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі іх вытворчасцей, растлумачылі ў прэс-службе.
Дадатковае датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па ініцыятыве работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракта можа быць абскарджавана старшыні абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.
Пры гэтым дэкрэтам устаноўлена, што работнікам арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці дадаткова да прадугледжанай кантрактам заработнай платы ажыццяўляюцца штомесячныя грашовыя выплаты, памер якіх вызначаецца названымі арганізацыямі самастойна зыходзячы з іх фінансавых магчымасцей.
У выпадку парушэння работнікамі працоўных абавязкаў і звальнення за вінаватыя дзеянні сума атрыманай імі за перыяд працы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню.
Пры невяртанні гэтых выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца па рашэнні суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Асобы, якія не складаюцца ў працоўных адносінах, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы.
Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны дэкрэтам таксама ў дачыненні да работнікаў генеральных падрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцей арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Акрамя таго, дэкрэтам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне падрадчыкам (субпадрадчыкам, праектнай арганізацыяй) тэрмінаў выканання работ па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у выглядзе накладання штрафу на службовую асобу ў памеры ад дзесяці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад пяцідзесяці да пяцісот базавых велічынь.
БЕЛТА