24 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва будзе прысвечана сустрэча кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці і Латвіі, якую плануецца правесці ў бліжэйшы час. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце эканомікі аблвыканкама.
Папярэдняя дамоўленасць аб мерапрыемстве такога фармату дасягнута па выніках круглага стала "Перспектыўныя напрамкі беларуска-латвійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва" на міжнародным інвестфоруме ў Віцебску, які адбыўся 21-22 кастрычніка. Мяркуецца, што запрашэнні на саміт будуць накіраваны кіраўнікам рэгіянальных органаў улады прыгранічных тэрыторый Латвіі і Віцебскай вобласці, якія плануюць рэалізоўваць праекты ў рамках праграм трансгранічнага супрацоўніцтва. Месца і канкрэтная дата правядзення рэгіянальнага саміту будуць вызначаны дадаткова.
Адным з мэт правядзення сустрэчы можа стаць пашырэнне рэгіянальнага ўзаемадзеяння з выкарыстаннем патэнцыялу міжнародных праграм тэхнічнай дапамогі, а таксама абмен інфармацыяй па праектах, якія ўжо запланаваны да рэалізацыі па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Рэгіён Балтыйскага мора". Абмеркаванне перспектыў кааперацыі на ўзроўні рэгіянальных кіраўнікоў, пошук новых магчымых напрамкаў сумеснымі дзеяннямі можа стаць залогам паспяховага супрацоўніцтва на перспектыву, адзначылі ў камітэце эканомікі.
Апошнім часам адзначаецца актывізацыя кантактаў паміж рэгіёнамі Віцебскай вобласці і Латвіі ў ходзе міжнародных праектаў і праграм. Перш за ўсё гэта характэрна для тых раёнаў Віцебскай вобласці, якія прылягаюць да беларуска-латвійскай мяжы. Так, зараз у актыве Віцебскай вобласці восем сумесных з латвійскімі партнёрамі рэгіянальных праектаў, заяўленых для рэалізацыі ў 2012-2013 гадах. Адным з іх з'яўляецца праект па развіцці інфраструктуры аэрапортаў Віцебска і Даўгаўпілса, які ўжо падтрыманы Еўрапейскай камісіяй з бюджэтам для беларускага боку ў аб'ёме 530 тыс. еўра па міжнароднай праграме "Рэгіён Балтыйскага мора". Акрамя таго, Віцебская вобласць удзельнічае ў праграмах міжнароднага праекта "Зялёны калідор "Усход-Захад", задачай якога з'яўляецца павышэнне транзітнай прывабнасці рэгіёнаў.-0-
БЕЛТА
Сустрэча кіраўнікоў мясцовага кіравання Латвіі і Віцебскай вобласці будзе прысвечана пашырэнню супрацоўніцтва
24.10.20110 праглядаў