У снежні адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Барыса Ефрэмава і яго намеснікаў з прадстаўнікамі арганізацыйных структур раёна, членамі Лепельскага каардынацыйнага Савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
У снежні адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Барыса Ефрэмава і яго намеснікаў з прадстаўнікамі арганізацыйных структур раёна, членамі Лепельскага каардынацыйнага Савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
Ад стварэння Алеі Славы да будаўніцтва басейна — на ёй паспелі абмеркаваць шмат пытанняў. Нядаўна ўступіўшы на пасаду старшыні райвыканкама Барыс Ефрэмаў, расказаўшы пра сябе, акрэсліў эканамічную сітуацыю раёна і вызначыў перспектыўныя шляхі яго развіцця. Ён звярнуў увагу на тое, што на Лепельшчыне знайсці дзесяць — дванаццаць новых напрамкаў дзейнасці, пачынаючы з сістэмы ЖКГ і заканчваючы спортам і турызмам, можна без працы. Далей адзначыў, што неабходна ўдасканаліць тэхналагічную базу малочнакансервавага камбіната, які займае 70 працэнтаў вытворчай прамысловасці. Пад яе працуе не толькі ўвесь Лепельскі раён, але і іншыя сыравінныя зоны — Докшыцы, Бешанковічы, Ушачы, Талачын. Цяпер на камбінаце будуецца новая кацельня, наступны этап — кагенерацыйная ўстаноўка, якая дасць магчымасць атрымаць сваё цяпло і электраэнергію. Можна будзе пабудаваць цяпліцы і вырошчваць свае агародніну і садавіну.
На першым месцы ў раёне — вытворчасць малака, а галіны раслінаводства павінны падцягвацца і дапамагаць пры дасягненні вынікаў у гэтай сферы. Зменшыць колькасць людзей, якія абслугоўваюць высокатэхналагічную вытворчасць, палепшыць якасць і павялічыць аб'ёмы, тым самым зрабіць таннейшай сыравіну, каб канчатковы прадукт быў таннейшым на знешнім рынку — вось па якім шляху, па словах старшыні, варта рухацца далей. Да прыкладу, трэба пабудаваць каля шасці новых малочнатаварных ферм, для таго каб да сямі — васьмі тысяч павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы. І калі іх будзе абслугоўваць 120 — 150 чалавек, заработная плата наблізіцца на такіх фермах да тысячы долараў.
Закрануў Барыс Сяргеевіч і надзённае для лепяльчан пытанне аб адкрыцці крамы «Еўраопт», якую ўсё ж пабудуюць у нашым горадзе. Аб будаўніцтве двух іншых аб'ектаў — гасцініцы і басейна — паслядоўвалі пытанні з залы. Што тычыцца гасцініцы, тут ёсць два выхады: альбо новы інвестар будуе яе на месцы старой, альбо купляе замацаванае пад інвестыцыйны праект месца на вуліцы М. Горкага. Балгарскі інвестар, які раней купіў старую гасцініцу, аказаўся неплацеспраможным. Даўно абмяркоўваецца і тэма будаўніцтва басейна. Па словах намесніка старшыні Аляксандра Шыдлоўскага, пакуль спыніліся на прапанове прыбудаваць яго да рэканструюемага ФАКу, засталося правесці праектна-пошукавыя работы. Пасля таго, як праектная дакументацыя будзе гатовая, на будаўніцтва сыдзе два — тры гады. Праўда, абыдзецца яно ў 15 мільярдаў рублёў.
На тое, што ў Заслонаве адзін пляж знаходзіцца ў заняпадзе і няма месца для адпачынку, паскардзіўся жыхар гэтай вёскі. Таксама ён указаў на тое, што ў краме да канца месяца квас адсутнічае ў асартыменце.
Паднялі пытанне і аб добраўпарадкаванні зоны адпачынку ў раёне ААТ «Лепельскі МКК». Іншая праблема жыхароў гэтага мікрараёна — закрытая лазня. Асабліва яна актуальная для пажылых людзей, якім цяжка дабрацца да гарадской.
З просьбай вылучыць памяшканне для таварыства інвалідаў звярнулася іх старшыня. Барыс Сяргеевіч адказаў, што ёсць перспектыва стварэння цэнтра занятасці інвалідаў у былым будынку міліцыі, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Данукалава і Лабанка. Плануецца, што ўдзельнічаць у яго рэканструкцыі будуць нямецкія партнёры «Экадом».
Паспелі пагаварыць аб адкрыцці Алеі Славы. Плануецца зрабіць восем пастаментаў, на якіх увекавечаць імёны 14 Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, кавалераў ордэна Славы. І калі раней схіляліся да таго, што лепшым месцам для гэтага стане гарадскі парк, то цяпер прапануюць размясціць алею ў двары новага музея.
Але не толькі з праблемамі звярталіся ў гэты дзень да кіраўніка раёна. Да прыкладу, Вера Закрэўская, старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь», запрасіла на перадсвяточную сустрэчу, дзе збяруцца кіраўнікі, якія ўнеслі ўклад у развіццё нашага раёна. З аднаго боку, мэта гэтага мерапрыемства — паказаць, як працуюць прадпрыемствы, ля вытокаў якіх стаялі гэтыя людзі, з другога — пераняць іх вопыт.
Кацярына АСОЎСКАЯ.