Уступная кампанія ў прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы пачынаецца сёння ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Уступная кампанія ў прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы пачынаецца сёння ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Прыём будзе ажыццяўляцца 146 установамі прафтэхадукацыі па 251 прафесіі. Акрамя таго, для навучання рабочым прафесіям таксама можна падаваць дакументы ў 49 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць вучэбныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы адкрыта падрыхтоўка па такіх запатрабаваных прафесіях, як слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, кіроўца аўтамабіля.

Для атрымання прафтэхадукацыі ў 2017 годзе плануецца прыняць 29,9 тыс. чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту 29,7 тыс. На дзённую форму навучання плануецца залічыць 27,8 тыс. чалавек, з іх на аснове агульнай базавай адукацыі - 16,9 тыс., на аснове агульнай сярэдняй адукацыі - 10,2 тыс., на аснове спецыяльнай адукацыі - 700 чалавек. Прадугледжаны прыём 800 чалавек на завочную і 1,3 тыс. на вячэрнюю формы атрымання адукацыі.

Для ўдасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам зменлівай патрэбы рэгіянальных рынкаў працы ў 2017 годзе плануецца спыніць прыём па 216 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 145 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях.

Упершыню ў 2017 годзе будзе ажыццяўляцца набор па 5 новых прафесіях: электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыборах тэхналагічнага абсталявання (Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі), рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі), аператар лічбавага друку (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі ім. В.З.Харужай), кузаўшчык (Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №3 машынабудавання), вытворца тварагу (Слуцкі дзяржаўны каледж).

У Міністэрстве адзначылі, што ўмовы прыёму ў параўнанні з папярэднім годам не змяніліся.