Уступная кампанія ў ВНУ Беларусі завершыцца 6 жніўня
17.5.20100 праглядаў
17 мая, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Уступная кампанія ў ВНУ Беларусі завершыцца 6 жніўня. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук.
Пры гэтым ён адзначыў, што "да канца верасня яшчэ можа быць дадатковае залічэнне абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе, на вакантныя бюджэтныя або платныя месцы, у выпадку, калі нехта з абітурыентаў, залічаных на навучанне, ва ўстаноўлены тэрмін не прыступіць да заняткаў".
Аляксандр Жук падкрэсліў, што конкурс і залічэнне будуць праводзіцца ў максімальна адкрытым рэжыме. Спісы залічаных будуць утрымліваць інфармацыю аб колькасці набраных балаў і прадастаўляемых ільготах.
Схема залічэння абітурыентаў, якія паступілі ў навучальныя ўстановы на ўмовах аплаты, адзіная для ўсіх ВНУ, яна тычыцца навучальных устаноў як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Дагавор аб падрыхтоўцы спецыяліста заключаецца пасля прыняцця рашэння прыёмнай камісіі ВНУ аб залічэнні і з'яўляецца падставай для выдання загаду аб залічэнні ў лік студэнтаў 1-га курса. Першакурснік можа аплаціць навучанне толькі пасля выдання загаду. Тэрмін аплаты складае не менш за 15 каляндарных дзён з дня заключэння дагавора, бо некаторым абітурыентам неабходна аформіць і атрымаць крэдыт для аплаты навучання. "У мінулым годзе некалькі ВНУ парушылі гэту схему, таму ў бягучым дадзены працэс будзе на асаблівым кантролі", - адзначыў Аляксандр Жук.
Для ВНУ сілавых структур тэрміны прыёму дакументаў, уступных выпрабаванняў і залічэння вызначаны з 9 па 24 ліпеня, у ВНУ Мінкультуры - з 9 па 28 ліпеня. Абітурыенты, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты падаюць дакументы па 27 ліпеня.
У ВНУ другога патоку ўступная кампанія пройдзе з 16 ліпеня па 6 жніўня. Прычым на ўсе формы атрымання адукацыі (акрамя ВНУ сельскагаспадарчай накіраванасці) дакументы падаюцца з 16 па 25 ліпеня, а на ваенныя факультэты - з 16 па 23 ліпеня.
Абітурыенты, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, але не прайшлі па конкурсе на дзённую форму атрымання адукацыі ў ВНУ за кошт сродкаў бюджэту, для ўдзелу ў конкурсе ў гэтай жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту (акрамя ВНУ сельскагаспадарчага профілю) дакументы падаюць па 2 жніўня. Абітурыенты, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты дакументы падаюць па 4 жніўня.
Залічэнне абітурыентаў у ВНУ першага патоку адбудзецца з 20 па 28 ліпеня, другога – з 1 па 6 жніўня.-0-
БЕЛТА