26 ліпеня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Першыя ўнутравузаўскія ўступныя выпрабаванні праходзяць сёння ў беларускіх ВНУ другога патоку. Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Марыя Карпенка, у ВНУ другога патоку, як дзяржаўных, так і прыватных (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю), уступныя выпрабаванні пройдуць з 26 па 30 ліпеня. Марыя Карпенка нагадала, што да ВНУ другога патоку ў Беларусі адносяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці за выключэннем ВНУ МУС, МНС, міністэрстваў абароны і культуры. Унутравузаўскія экзамены чакаюць абітурыентаў толькі па творчых дысцыплінах (малюнак, музыка, танец, сачыненне), літаратуры і фізічнай культуры. Усе праграмы ўступных выпрабаванняў былі выдадзены і апублікаваны за паўгода да ўступнай кампаніі, так што ўсе пытанні і тэмы павінны быць знаёмыя паступаючым. Ужо некалькі гадоў залічэнне абітурыентаў у ВНУ другога патоку праходзіць з 1 па 6 жніўня. Прыём дакументаў ад абітурыентаў у ВНУ другога патоку на бюджэтныя месцы дзённых аддзяленняў скончыўся 25 ліпеня. Цяпер усе прыёмныя камісіі ВНУ пераправераюць дакументы, падлічваюць колькасць абітурыентаў, якія падалі заявы, вылічваюць прахадныя балы. На тыя факультэты, дзе прымалі тры сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання, залічэнне будзе праведзена хутчэй - у бліжэйшыя дні. Залічэнне ўсіх абітурыентаў на бюджэтныя аддзяленні ў ВНУ другога патоку павінна завяршыцца ва ўсіх ВНУ да 1 жніўня. Пры паступленні абавязкова ўлічваецца сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Так што залічэнне абітурыентаў у ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты на месцы па ўсіх формах атрымання адукацыі праводзіцца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных выпрабаванняў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Беларускія ВНУ плануюць прыняць каля 103 тыс. абітурыентаў, што на 5 тыс. чалавек больш, чым у мінулым годзе. У 2010 годзе на дзённую форму атрымання адукацыі паступяць 54,4 тыс. першакурснікаў, на завочную - 48,1 тыс. На навучанне за кошт сродкаў бюджэту запланавана прыняць 33,9 тыс. чалавек. Усяго ў 2010 годзе прыём абітурыентаў у ВНУ першага і другога патокаў ажыццяўляюць 55 навучальных устаноў: 45 дзяржаўнай і 10 прыватнай формы ўласнасці.-0-