12 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Створаны другі філіял Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь - у Наваполацку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Наваполацкага гарвыканкама Валянціна Кішчанка. Пагадненне аб яго стварэнні падпісана генеральным дырэктарам Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімірам Грыдзюшкам, прадстаўнікамі Наваполацкага гарвыканкама і адкрытага акцыянернага таварыства "Нафтан". Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі гастрольных выступленняў асобных артыстаў, паказаў оперных і балетных спектакляў Вялікага тэатра. Спектаклі і канцэрты будуць праходзіць штомесяц на сцэне палаца культуры ААТ "Нафтан". Па папярэдняй дамоўленасці, першы спектакль адбудзецца ў канцы красавіка. Як расказала Валянціна Кішчанка, ініцыятыва стварэння філіяла Вялікага тэатра ў Наваполацку зыходзіла ад мясцовых улад і знайшла шчыры водгук у тэатры. Перш чым падпісаць пагадненне, кіраўніцтва тэатра азнаёмілася з магчымасцямі ўсіх сцэнічных пляцовак Наваполацка і прыйшло да высновы, што найбольш зручнай з'яўляецца сцэна палаца культуры нафтаперапрацоўшчыкаў. "Аднак на якой бы сцэне ні выступалі артысты Вялікага тэатра Беларусі, якасць іх выступленняў заўсёды будзе выдатнай", - працытавала словы гендырэктара тэатра Валянціна Кішчанка. У сваю чаргу навапалачане абяцаюць артыстам аншлагі. "Оперу і балет у Наваполацку любяць і цэняць, зацікаўленасць у спектаклях Вялікага тэатра і выступленнях яго артыстаў велізарная", - канстатавала суразмоўніца. Першы філіял Вялікага тэатра Беларусі быў створаны ў снежні 2011 года ў Магілёве. За гэты час на сцэне палаца культуры вобласці і канцэртнай залы "Магілёў" калектыў Вялікага тэатра з вялікім поспехам прадставіў балеты "Жызэль" і "Дон Кіхот", Вечар старадаўняга раманса і канцэрт вакальнай музыкі з удзелам струннага квінтэта "Серанада".-0-

БЕЛТА