5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі пастаянна дзеючы трэцейскі суд зарэгістраваны ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС).
Суд зарэгістраваны пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. У склад трэцейскіх суддзяў увайшлі высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія маюць шматгадовую практыку ў сферы юрыспрудэнцыі.
У ВГС растлумачылі, што трэцейскім судом з'яўляецца арганізацыя, якая ствараецца для вырашэння спрэчак, не ўваходзіць у судовую сістэму Беларусі. Пытанне аб выбары дзяржаўнага або трэцейскага суда для вырашэння спрэчкі бакі вырашаюць самастойна. Аднак трэцейскі разгляд можа аказацца больш пераважным, таму што ён дазваляе хутчэй і з меншымі затратамі вырашыць узніклую спрэчку. Трэцейскі разгляд мае шэраг бясспрэчных пераваг: па-першае, працэс вырашэння спрэчак у трэцейскім судзе носіць больш дэмакратычны характар; па-другое, колькасны склад такога суда вызначаецца пагадненнем бакоў; па-трэцяе, разгляд спрэчак у трэцейскім судзе носіць канфідэнцыйны характар і не звязаны з жорсткімі працэсуальнымі нормамі.
Трэцейскі суд прымае да разгляду спрэчкі толькі пры наяўнасці трэцейскага пагаднення, якое заключаецца ў пісьмовай форме. Пагадненне можа быць заключана шляхам складання асобнага дакумента, падпісанага бакамі трэцейскага пагаднення, альбо шляхам абмену паведамленнямі з выкарыстаннем паштовай сувязі або іншых відаў сувязі.
Рашэнне трэцейскага суда з'яўляецца абавязковым для бакоў і падлягае выкананню ў парадку і тэрмін, устаноўленыя гэтым рашэннем, альбо на працягу трох дзён з дня ўступлення яго ў законную сілу, калі рашэннем такі тэрмін не ўстаноўлены. Заканадаўствам прадугледжана прыняцце мер па забеспячэнні пазову, пададзенага ў трэцейскі суд; абскарджанне рашэння трэцейскага суда; яго прымусовае выкананне.
Прымусовае выкананне рашэння трэцейскага суда ажыццяўляецца дзяржаўнымі судамі па правілах выканаўчага вядзення, устаноўленых грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам Беларусі.-0-
БЕЛТА
Другі пастаянна дзеючы трэцейскі суд зарэгістраваны ў Віцебскай вобласці
5.6.20120 праглядаў