14 верасня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Выбары Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 19 снежня 2010 года. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні 5-й, пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усе прысутныя 108 дэпутатаў аднагалосна прагаласавалі за гэту дату. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі і Выбарчым кодэксам Палата прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Прэзідэнта Беларусі прызначае выбары Прэзідэнта. Яны праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Такім чынам, згодна з дзеючым заканадаўствам, выбары Прэзідэнта Беларусі павінны прайсці не пазней 6 лютага 2011 года. Як паведамлялася, пры вызначэнні даты выбараў Пастаянная камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце зыходзіла з таго, каб забяспечыць максімальны ўдзел грамадзян у выбарчай кампаніі і правесці яе ў зручны для выбаршчыкаў час. Правядзенне выбараў да канца года дазволіць без страты часу на выбарчы працэс літаральна з пачатку 2011 года прыступіць да ажыццяўлення задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на чарговы год і пяцігоддзе. Акрамя таго, пачатак года насычаны свецкімі і рэлігійнымі святамі, таму гэты перыяд з'яўляецца не зусім зручным для правядзення выбараў. Пасля агалошвання меркаванай даты сярод дэпутатаў разгарэлася дыскусія па гэтым пытанні. У прыватнасці, дэпутатаў цікавіла пытанне аб даце другога тура выбараў, у выпадку калі ён спатрэбіцца. Справа ў тым, што другі тур выбараў, як правіла, праходзіць праз два тыдні пасля першага. Такім чынам, калі першы тур выбараў адбудзецца 19 снежня 2010 года, то другі тур прыйдзецца на 2 студзеня 2011 года. У сувязі з гэтым старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіль Байкоў растлумачыў, што ў артыкуле 80 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь дакладна прапісана, што для другога тура галасавання ЦВК прызначае дату выбараў не пазней чым праз два тыдні пасля першага тура. Такім чынам, другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі можа быць прызначаны раней чым 2 студзеня 2011 года.