Гутарка адбылася ў межах Адзінага дня інфармавання.
Раскрываючы тэму сустрэчы, Святлана Шэвелёва, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах райвыканкама, падкрэсліла, што любая электаральная кампанія мае асаблівае значэнне для краіны. А выбары Прэзідэнта з'яўляюцца ключавой падзеяй для ўсіх нас разам і для кожнага асобна, паколькі менавіта яны прадвызначаюць наша будучае.
— Сваю будучыню беларусы вызначаць 26 студзеня 2025 г. Менавіта на гэты дзень прызначаны выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цяпер ідзе збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. Збор подпісаў працягнецца па 6 снежня 2024 г. Ініцыятыўная група павінна сабраць у падтрымку свайго кандыдата не менш за 100 тыс. подпісаў. У перыяд з 22 па 31 снежня 2024 г. пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, — нагадала аб важных перыядах Святлана Аляксандраўна.
Адзначым, з 1 па 25 студзеня 2025 г. будзе праводзіцца перадвыбарчая агітацыя, самы актыўны і адказны этап выбарчай кампаніі. У дзень галасавання, 26 студзеня, агітацыя забаронена заканадаўствам. датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Беларусі пачнецца 21 студзеня 2025 г. і будзе працягвацца на працягу пяці дзён. Вынікі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будуць устаноўлены Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней за 5 лютага 2025 г.
Дакладчык таксама акцэнтавала ўвагу прысутных у зале на тым, што наша краіна забяспечвае сябе ва ўсіх важных сферах жыцця: пад кіраўніцтвам Кіраўніка дзяржавы ўдалося не толькі захаваць і мадэрнізаваць нашы прамысловыя гіганты (МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, БМЗ і многія іншыя), але і стварыць зусім новыя, высокатэхналагічныя прадпрыемствы (Беларуская атамная электрастанцыя, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», завод «БЕЛДЖЫ», Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя і іншыя знакавыя аб'екты).
Больш за тое, нязменным нацыянальным брэндам Беларусі застаецца сацыяльная дзяржава, якая праяўляе клопат аб грамадзянах, актыўна развіваючы ахову здароўя і сацыяльную сферу, аказваючы дапамогу малазабяспечаным слаям насельніцтва.
На пасяджэнні былі разгледжаны і іншыя пытанні. Так, урач-псіхіятр-нарколаг Лепельскай ЦРБ Наталля Скавародка пагутарыла з лепельчанамі на тэму прафілактыкі алкагалізму і наркатычнай залежнасці. Таксама медык заклікала лепельчан быць надзвычай уважлівымі да сваіх дзяцей — цікавіцца іх новымі знаёмствамі, сачыць за іх інфармацыйнай гігіенай, надаваць час для зносін і цікавага сямейнага вольнага часу.
— Галоўнае важна памятаць: вашы дзеці будуць паводзіць сябе так, як паводзіце сябе вы. Будзьце прыкладам, прытрымлівайцеся здаровага ладу жыцця, будзьце актыўныя ў грамадстве, займайцеся карыснымі і патрэбнымі справамі — тады і вашы дзеці будуць расці з правільнымі поглядамі, — адзначыла Наталля Іванаўна.