2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі плануецца правесці 23 сакавіка 2014 года. Адпаведную дату адобрыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара па выніках рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай.
"На сустрэчы Прэзідэнта са старшынёй Цэнтрвыбаркама абмяркоўвалася дата правядзення выбараў дэпутатаў у мясцовыя саветы. Па словах Лідзіі Ярмошынай, тэрмін іх паўнамоцтваў заканчваецца 25 красавіка і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй чарговыя выбары павінны адбыцца не пазней за 30 дзён да заканчэння гэтага тэрміну. Аляксандр Лукашэнка адобрыў прапанову правесці выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 23 сакавіка наступнага года", - адзначылі ў прэс-службе.
Лідзія Ярмошына таксама праінфармавала, што адначасова з выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў пройдуць паўторныя выбары па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36, бо падчас парламенцкіх выбараў у 2012 годзе дэпутат ад яе не быў абраны.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)