21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі плануюцца на верасень 2012 года. Пра гэта паведаміла сёння журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая прымае ўдзел у пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Паўнамоцтвы дзеючага парламента заканчваюцца 25 кастрычніка, такім чынам, выбары павінны прайсці не пазней 25 верасня. Плануецца, што кампанія будзе вераснёўская і пачнецца яна ў чэрвені", - адзначыла старшыня ЦВК. Лідзія Ярмошына адзначыла, што наступны год для яе і Цэнтральнай выбарчай камісіі будзе вельмі складаным. "Выбарчая кампанія ў парламент - самая складаная, яна больш насычаная, чым прэзідэнцкая. Можа быць, таму, што спрэчак і скаргаў з боку кандыдатаў больш, чым, напрыклад, падчас выбараў прэзідэнта", - сказала яна. Паводле яе слоў, гарантыяй сумленных выбараў з'яўляецца сумленнасць і прыстойнасць працы выбарчых камісій. "Я веру ў іх патэнцыял, у мяне няма ніякіх падстаў у іх сумнявацца", - падкрэсліла старшыня ЦВК.-0-

БЕЛТА