18 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу ў Віцебскай вобласці знізіліся ў 2011 годзе на 1,5% у параўнанні з папярэднім годам і склалі 93,2 тыс.т, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Дадзены вынік звязваюць у камітэце з выкананнем мерапрыемстваў па скарачэнні выкідаў на 83 аб'ектах рэгіёна. Так, у мінулым годзе на крыніцах выкідаў у эксплуатацыю ўведзена 9 газаачысных установак магутнасцю 28 тыс.куб.м/гадзіну. Рэканструявана 17 газаачысных установак. За кошт павелічэння аб'ёмаў спальвання біяпаліва ў кацельнях удалося знізіць на 20% выкіды парніковых газаў. Таксама ў выніку праводзімай работы ў вобласці зменшылася колькасць аўтамабіляў з неадпаведнасцю нормам ГОСТа ў выхлапных газах з 5% у 2010 годзе да 3% у мінулым.
Адначасова прыродакарыстальнікамі асобных раёнаў вобласці не выконваюцца патрабаванні паветраахоўнага заканадаўства ў частцы распрацоўкі нарматываў дапушчальных выкідаў. Ёсць прэтэнзіі і да камунальнікаў. У прыватнасці, якасць выкідаў ад кацельнага абсталявання шэрагу прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі не адпавядае экалагічным стандартам, адзначылі спецыялісты, падкрэсліўшы, што гэтыя пытанні патрабуюць пільнай увагі службовых асоб.-0-
БЕЛТА
Выкіды забруджвальных рэчываў у Віцебскай вобласці ў 2011 годзе знізіліся на 1,5%
18.1.20120 праглядаў