2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Згодна з каляндарным планам падрыхтоўкі і правядзення выбараў членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, вылучэнне кандыдатаў на месца ў верхняй палаце парламента пройдзе з 2 па 31 жніўня ўключна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Права вылучаць кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі маюць прэзідыумы раённых, а ў гарадах абласнога падпарадкавання – гарадскіх Саветаў дэпутатаў, раённыя, гарадскія выканкамы, а таксама прэзідыум Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкам. Пасля вылучэння абласныя выканкамы і Мінгарвыканкам прадстаўляюць у Цэнтральную камісію Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дакументы аб вылучэнні кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. Рэгістрацыя кандыдатаў на месца ў верхняй палаце беларускага парламента пачынаецца за 60 і заканчваецца за 55 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання. Сёлета ЦВК зарэгіструе прэтэндэнтаў на крэсла сенатара з 1 па 5 верасня ўключна. Затым у кожнай вобласці і горадзе Мінску на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню таемным галасаваннем абіраюцца па восем членаў Савета Рэспублікі. Яшчэ восем сенатараў прызначаюцца Прэзідэнтам Беларусі. Падвядзенне вынікаў выбараў і рэгістрацыя выбраных членаў Савета Рэспублікі павінна прайсці не пазней 5 верасня ўключна.

БЕЛТА