Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання Беларусі пройдзе з 9 верасня па 8 кастрычніка ўключна, паведамляе БЕЛТА.

Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць прэзідыумам мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканкамам, а ў сталіцы - прэзідыуму Мінгарсавета і Мінгарвыканкаму. Галасаванне па зарэгістраваных ЦВК прэтэндэнтах на месцы ў верхняй палаце парламента праходзіць на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, Мінгарсавета. Абраным лічыцца кандыдат, які набраў больш за палову галасоў.

Савет Рэспублікі - палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Парадак яе фарміравання спалучае элементы выбарнасці і прызначэння. Па восем членаў абіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска шляхам тайнага галасавання, яшчэ восем сенатараў прызначае Прэзідэнт. Усяго ў склад верхняй палаты парламента ўваходзіць 64 чалавекі.

Выбары ў Савет Рэспублікі прызначаны на 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў - на 17 лістапада.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)