3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чаpговы этап падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання – вылучэнне кандыдатур ва ўчастковыя выбарчыя камісіі – завершыцца 5 жніўня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў на месцы ва ўчастковай камісіі могуць палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам падачы заяў. Згодна з заканадаўствам у складзе ўчастковай камісіі можа быць ад 5 да 19 чалавек. Па словах Мікалая Лазавіка, найбольш аптымальны варыянт з напрацаванай практыкі – гэта 13-15 чалавек. "Як правіла, заявак на ўдзел у працы камісій бывае ў 1,5-2 разы больш, таму ў раённых, гарадскіх выканкамаў і мясцовых адміністрацый ёсць магчымасць выбіраць. Крытэрыі адбору таксама на практыцы адпрацаваны. Гэта павінны быць людзі, якія ведаюць, паважаюць і выконваюць закон, карыстаюцца аўтарытэтам сярод выбаршчыкаў", – сказаў сакратар ЦВК. Паралельна з вылучэннем кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі палітычныя партыі, працоўныя калектывы вызначаюць, хто з іх прадстаўнікоў будзе змагацца за права заняць дэпутацкі пост. Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на месца ў парламенце збіраюць подпісы. Мікалай Лазавік нагадаў, што асобы, вылучаныя кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, павінны прадставіць акруговым камісіям неабходныя для рэгістрацыі дакументы да 13 жніўня ўключна. Сакратар ЦВК адзначыў, што выбарчы працэс у Беларусі ідзе ў планавым рэжыме, паступова набіраючы абароты. Наперадзе адзін з найбольш актыўных этапаў – перадвыбарная агітацыя, якая стартуе з дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і працягнецца да 22 верасня. Асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах прызначаны на 23 верасня.

БЕЛТА