13 чэрвеня, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Асобы, якія будуць перашкаджаць нармальнай працы пунктаў пропуску, замінаць транзітнаму руху на мяжы, будуць прыцягвацца не толькі да адміністрацыйнай адказнасці. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прадстаўнік пагранічнага ведамства растлумачыў, што выезд за мяжу гэтых грамадзян будзе абмяжоўвацца. Ён расказаў, што 12 чэрвеня на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску "Брузгі" ў выніку несанкцыянаванай акцыі было заблакавана рух транспарту з 18.30 да 21.00. Каля 300 чалавек перашкаджалі руху з Беларусі ў Польшчу. У гэтым раёне знаходзілася 40 легкавых аўтамабіляў (частка без дзяржнумароў), якія належаць згаданым людзям. Былі затрыманы 15 удзельнікаў акцыі, а таксама ўстаноўлены асобы больш чым 100 іншых удзельнікаў і арганізатараў. Аляксандр Цішчанка падкрэсліў, што ў несанкцыянаванай акцыі ўдзельнічалі актыўныя "чаўнокі"-бізнэсмэны. Правяраючы свае базы, пагранічнікі выяўляюць крычушчыя факты, якія тычацца гэтых людзей. Напрыклад, было ўстаноўлена, што адна сямейная пара 11 чэрвеня 15 разоў перасякла мяжу праз пункт пропуску "Брузгі" на пяці розных аўтамабілях. "Зразумела, што гэтыя асобы незаконна ўвозяць або вывозяць тавары", - адзначыў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта. Ён дадаў, што 60% такіх людзей - непрацуючыя. Ёсць даныя, што ў кожнага з гэтых людзей ёсць па некалькі добрых аўтамабіляў, а таксама камфартабельныя катэджы - назваць іх беднымі немагчыма. Як паведамілі БЕЛТА ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці, каб вызваліць дарогу для пропуску аўтамабіляў, супрацоўнікі органаў унутраных спраў адціснулі грамадзян з праезнай часткі. У 21.00 рух аўтатранспарту быў адноўлены. "Пракурорам Гродзенскага раёна, які быў відавочцам пікета, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі па дэблакаванні праезнай часткі дарогі паблізу пункта пропуску прызнаны законнымі і адэкватнымі сітуацыі, якая склалася", - адзначылі ў пракуратуры. У дачыненні да 14 актыўных удзельнікаў пікета, якія аказалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, складзены адміністрацыйныя пратаколы па арт. арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) КоАП Беларусі.