18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязны прыём грамадзян па пытаннях заканадаўства аб працы пройдзе 22 верасня ў Расонах (Віцебская вобласць). Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Варвара Аляксандравіч.
Выязная прыёмная з удзелам прадстаўнікоў цэнтральнага апарату дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, СМІ, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады будзе працаваць з 11.00 да 14.00 у Расонскім райвыканкаме. Запрашаюцца жыхары Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў, якіх хвалююць пытанні, звязаныя з канфліктнымі сітуацыямі на працы.
Наведвальнікі выязной прыёмнай атрымліваюць бясплатныя кансультацыі спецыялістаў па пытаннях кантрактнай сістэмы найму, тэрмінаў выплаты заработнай платы, адпачынкаў, прыёму і звальнення, аховы і аплаты працы, а таксама дзяржпадтрымкі сем'яў з дзецьмі.
Падчас працы прыёмнай зваротам даецца прафесійная прававая ацэнка, вызначаюцца механізмы вырашэння пастаўленых пытанняў, а грамадзянам аператыўна і эфектыўна аказваецца дапамога ў вырашэнні той ці іншай праблемы.
Гэта ўжо дзявяты этап акцыі "Выязная прыёмная-2011". У бягучым годзе яна прайшла ў Ляхавічах (Брэсцкая вобласць), Мастах (Гродзенская вобласць), Наваполацку (Віцебская вобласць), Мядзеле (Мінская вобласць), Быхаве (Магілёўская вобласць), Буда-Кашалёве (Гомельская вобласць), у Баранавічах (Брэсцкая вобласць), у Лідзе (Гродзенская вобласць).
Праект стартаваў у сакавіку 2007 года. Выязны прыём з удзелам спецыялістаў міністэрства і прадстаўнікоў СМІ даказаў высокую эфектыўнасць гэтай формы работы з грамадзянамі і яе запатрабаванасць у насельніцтва.-0-
БЕЛТА
Выязная прыёмная па пытаннях заканадаўства аб працы пройдзе 22 верасня ў Расонах
18.9.20110 праглядаў