21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязджаць за межы Мытнага саюза на аўтамабілі з Беларусі цяпер можна адзін раз на восем дзён. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна Беларусі ад 18 лістапада 2011 года №1554, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада. Дакументам уносяцца змяненні ў пастанову Савета Міністраў ад 10 чэрвеня 2011 года №753 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Новая пастанова прынята для ўзмацнення мер па абмежаванні вывазу з краіны аўтамабільнага паліва і стабілізацыі абстаноўкі ў пунктах пропуску праз дзяржграніцу Беларусі. Да тавараў для асабістага карыстання, якія вывозяцца з тэрыторыі Беларусі фізічнымі асобамі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза, не адносіцца аўтамабільнае паліва ў выпадках: выезду фізічнай асобы, якая кіруе аўтамабільным транспартным сродкам, больш за адзін раз на працягу 8 сутак; вывазу аўтамабільнага паліва адным і тым жа аўтамабільным транспартным сродкам больш за адзін раз на працягу 8 сутак незалежна ад таго, якімі асобамі быў ажыццёўлены вываз такога аўтамабільнага транспартнага сродку ў гэты перыяд.