На базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прайшоў кваліфікацыйны экзамен, дзе навучэнцам 11 «Б» класа сярэдняй школы №3 г. Лепеля прысвоены рабочыя кваліфікацыі
На базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прайшоў кваліфікацыйны экзамен, дзе навучэнцам 11 «Б» класа сярэдняй школы №3 г. Лепеля прысвоены рабочыя кваліфікацыі
Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 24 снежня 2013 года №135, а таксама пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2011 года №954 у Лепельскім раёне арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў базавых класаў сярэдніх школ. Нядаўна рабяты паспяхова прайшлі першы этап экзамену — кваліфікацыйную пробу, дзе ім трэба было выканаць практычнае заданне. У мінулы аўторак адбыўся завяршальны, тэарэтычны этап, на якім удалося пабываць і мне.
Лёгкае напружанне адчувалася ўжо пры ўваходзе ў аўдыторыю. На тварах экзаменуемых было заўважна перажыванне. Хвалюючым гэта мерапрыемства стала і для членаў камісіі.
— Для нас кваліфікацыйны экзамен з'яўляецца сур'ёзным выпрабаваннем. Хвалюемся, напэўна, больш, чым нашы падапечныя, бо сёння мы ўбачым вынік нашай працы, — пракаментавала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Наталля Баранава.
Экзамен праходзіў у дзвюх аўдыторыях вучэбнага корпуса №3, адпаведна былі сфарміраваны дзве экзаменацыйныя камісіі. Хлопцам трэба было атрымаць прафесію слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання першага разраду, а дзяўчатам — прадаўца чацвёртага разраду. На правядзенне экзамену па выніках тэарэтычнага навучання адводзілася не больш за пятнаццаць хвілін на аднаго вучня. Для падрыхтоўкі адказу быў устаноўлены ліміт у дваццаць хвілін.
«Да экзамену падышла сур'ёзна — рыхтавалася на працягу паўгода. Прыемна, што ўсё гэта не прайшло марна — здала на адзнаку «9» (каментарый Жарнасек Таццяны).
Назіраючы за выпускнікамі, звярнуў увагу на іх упэўненасць. Сутнасць пытанняў, як адзначылі члены камісіі, была раскрыта. Не задумваючыся, адзінаццацікласнікі адказвалі і на дадатковыя пытанні педагогаў. Усе патрабаванні вучэбна-праграмнай дакументацыі былі выкананы належным чынам, таму цвёрда можна сказаць, што навучэнцы 11 «Б» класа сярэдняй школы №3
апраўдалі чаканні педагогаў і заслужана атрымалі высокія адзнакі.
«Экзамен даволі складаны, аднак быў упэўнены ў сваіх ведах, таму хвалявання не адчуваў. Здаў на адзнаку «10» (каментарый Анікейчыка Івана).
Мікіта ПАЗНЯК.