Выпускныя вечары пройдуць сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Выпускныя вечары пройдуць сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Апошні званок сёлета прагучаў для 89 тыс. 111 выпускнікоў 9-х класаў і 53 тыс. 953 выпускнікоў 11-х класаў. Шмат хто пасля развітання са школай будзе паступаць у каледжы ці ўніверсітэты. Практычна адразу пасля выпускных вечароў - 14 чэрвеня - пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне па вучэбных прадметах. Скончыцца ЦТ 27 чэрвеня, а рэзервовы дзень - 2 ліпеня. Тэсціраванне па беларускай мове адбудзецца 14 чэрвеня, па рускай - 15 чэрвеня, грамадазнаўстве - 17 чэрвеня, біялогіі - 19 чэрвеня, матэматыцы - 20 чэрвеня, гісторыі Беларусі - 22 чэрвеня, хіміі - 23 чэрвеня, фізіцы - 24 чэрвеня, замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) - 25 чэрвеня, сусветнай гісторыі найноўшага часу і геаграфіі - 27 чэрвеня.
Усяго на цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі зарэгістраваліся 101 тыс. 691 абітурыент (275 тыс. 948 чалавека-тэстаў).
У ВНУ Беларусі на бюджэтныя месцы плануецца прыняць 27,9 тыс. чалавек. Што ж тычыцца сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то, як чакаецца, на гэты ўзровень паступяць 40,5 тыс. чалавек.
Як паведамлялася, у сувязі з правядзеннем выпускных вечароў сёння будзе абмежаваны продаж алкаголю. Выключэнне складзе раздробны гандаль у аб'ектах грамадскага харчавання ў разліў. У Мінску, да прыкладу, абмежаванне будзе дзейнічаць з 00.00 да 24.00. За парушэнне правілаў гандлю прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ад двух да дзесяці базавых велічынь (1 БВ - Br180 тыс.).
Міліцыя падчас школьных выпускных будзе працаваць у кругласутачным рэжыме. Асаблівую ўвагу праваахоўнікі і работнікі адукацыі нададуць месцам масавага адпачынку моладзі, у тым ліку забаўляльным установам, а таксама аб'ектам гандлю. Пад асаблівы кантроль возьмуць месцы, куды выпускнікі будуць прыбываць са школ пасля ўрачыстых мерапрыемстваў.
У такім жа рэжыме, у прыватнасці, працавала міліцыя Мінскай вобласці і падчас правядзення апошніх званкоў. За здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў было затрымана больш за 20 непаўналетніх, большасць з якіх за ўжыванне алкагольных напояў, а таксама знаходжанне ў начны час у грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых. У крамах Барысаўскага і Мінскага раёнаў праваахоўнікі ўстанавілі факты рэалізацыі алкагольных напояў пры абмежаванні на іх продаж.