Дакументальныя сведчанні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены на выставе ў абласным краязнаўчым музеі. У аснову экспазіцыі леглі гістарычныя дакументы, якія выкрываюць злачынствы нацызму, і матэрыялы, сабраныя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь падчас расследавання крымінальнай справы, узбуджанай у красавіку 2021 года па факце знішчэння беларусаў.
Дакументальныя сведчанні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены на выставе ў абласным краязнаўчым музеі. У аснову экспазіцыі леглі гістарычныя дакументы, якія выкрываюць злачынствы нацызму, і матэрыялы, сабраныя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь падчас расследавання крымінальнай справы, узбуджанай у красавіку 2021 года па факце знішчэння беларусаў.
– Важна, што беларускае грамадства ўздымае тэму генацыду часоў Вялікай Айчыннай вайны. На выставе прадстаўлены раней невядомыя сведчанні здзекаў акупантаў. Такая экспазіцыя патрэбна перш за ўсё маладому пакаленню, якое павінна ведаць, якую долю рыхтавалі фашысты беларускаму народу. Асноўную частку насельніцтва яны планавалі знішчыць, а астатніх зрабіць рабамі для абслугоўвання арыйскай нацыі. Пра гэта сведчыць дадзеная выстава, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
Як растлумачыў загадчык навукова-асветніцкага аддзела АВКМ Арцём Васілевіч, у экспазіцыі прадстаўлены дакументы з фондаў Музея Вялікай Айчыннай вайны, а таксама матэрыялы следчай справы, якую вядзе Генеральная пракуратура. Большасць са сведчанняў здзекаў акупантаў выстаўляюцца ўпершыню.
– Раней мы асобна не звярталіся да тэмы генацыду народаў, разглядаючы яе ў агульным кантэксце падзей Вялікай Айчыннай вайны. Гэта адна з самых страшных старонак гісторыі, і пра яе мы не павінны забываць, – расказаў Арцём Васілевіч.
Праект «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» уключае некалькі стэндаў, якія распавядаюць пра канцэнтрацыйныя лагеры і гета, створаныя фашыстамі на тэрыторыі Беларусі. Выстава дапоўнена экспанатамі з фондаў абласнога краязнаўчага музея – пісьмамі, фотаздымкамі, памятнымі знакамі, выразкамі з газет таго часу. Сярод іх ёсць успаміны вязняў аднаго з самых страшных лагераў смерці «5-ы полк», дзе былі закатаваны Соф'я Панкова і Вера Харужая, іншыя патрыёты. А ўсяго на Віцебшчыне дзейнічалі пяць канцлагераў. У вітрыне выстаўлены пратакол допыту сведкі аб фактах злачынстваў нямецкіх захопнікаў, фота парэшткаў расстраляных людзей, персанальная кніжка таго, хто знаходзіўся ў гады вайны на прымусовых працах у Германіі.
– Генацыд – страшнае слова. Яно азначае вынішчэнне, знішчэнне роду, племя, нацыянальнай групы. У гады Вялікай Айчыннай вайны беларусам, як і многім іншым народам Савецкага Саюза, давялося перанесці жахі гэтай нацысцкай палітыкі. Месцы масавага знішчэння людзей былі створаны па ўсёй краіне. У ходзе расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа пракуратурай Віцебска і гарадскім аддзелам следчага камітэта былі апытаныя больш за 900 пацярпелых і сведак, якія маленькімі дзецьмі апынуліся ў фашысцкім палоне. Пры садзейнічанні Віцебскага кадэцкага вучылішча выяўлены 49 раней невядомых месцаў пахавання, разгледжана больш за 3 тысячы архіўных спраў. Страшныя падзеі ваеннага перыяду немагчыма сцерці з памяці беларускага народа. Дадзеная экспазіцыя – гэта наш пасыл моладзі будучым пакаленням, каб яны працягнулі эстафету памяці, – адзначыў пракурор Віцебска Андрэй Шклярэўскі.
Выстава стане складовай часткай экскурсійнага маршруту, распрацаванага музеем. У яго ўваходзіць таксама азнаямленне з экспазіцыяй «Абаронцы Айчыны», сутарэннямі турмы СД. І заканчваецца ён ля памятнага знака, устаноўленага каля ратушы на месцы, дзе ў гады акупацыі стаялі шыбеніцы, на якіх казнялі мірных жыхароў.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by