Выстава "Нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода" адкрыецца ў Арт-цэнтры Марка Шагала 25 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў музеі Марка Шагала ў Віцебску.
У экспазіцыю ўвайшлі графічныя працы мастака: эскізы і накіды да серый "Нямецкая акупацыя" і "Зверствы немцаў", ілюстрацыі і рабочыя матэрыялы да кніг Нояха Лурье, Рывы Рубінай, Міхаіла Лева, Лейба Квітко і інш. "Свет катаў і ахвяр, гвалт, здзек, расстрэлы, руіны, попелішчы - змрочныя сюжэты з дакументальнай дакладнасцю перадаюць трагічныя перажыванні ваенных гадоў. Вялікая колькасць скончаных варыянтаў аднаго і таго ж сюжэта, выкананых на рознай паперы і ў рознай тэхніцы, дэманструюць бясконцыя пошукі найбольшай выразнасці створанага вобраза", - адзначылі ў музеі.
Выстава - гэта сумесны праект віцебскага музея, ізраільскага палітолага Ільі Васільева, фонду Аляксандра Печэрскага і галерэі "Велум" (Масква).
Арганізатары адзначылі, што прадстаўленыя ў Віцебску працы Меера Аксельрода экспануюцца ў Беларусі ўпершыню. Экспазіцыя адкрываецца напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту, які быў зацверджаны Генеральнай асамблеяй ААН і адзначаецца штогод 27 студзеня.
Меер Маісеевіч Аксельрод (1902-1970) - савецкі мастак, член таварыства "Чатыры мастацтвы", нарадзіўся ў Маладзечне, пакінуў вялікую творчую спадчыну - каля шасці тысяч жывапісных і графічных твораў. Унікальны цыкл "Нямецкая акупацыя" быў створаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.