Абласны агляд інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі адкрываецца сёння на трох пляцоўках у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Выстава пройдзе ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, Віцебскім дзяржаўным індуніяльна-тэхналагічным каледжы і абласным палацы дзяцей і моладзі. Будзе прадстаўлена больш за 1100 розных работ ад устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі. Працавалі над сваімі праектамі больш за 600 навучэнцаў і 300 педагогаў. Некалькі навучальных устаноў падрыхтавалі экспазіцыі, прысвечаныя Году малой радзімы.
"Абласны агляд дэманструе паступальны рух у пошуку інавацыйных падыходаў развіцця тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці на аснове захавання беларускай нацыянальнай культуры, традыцыйных промыслаў і рамёстваў. Экспазіцыя - гэта яркая дэманстрацыя дасягненняў у развіцці інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і педагогаў. Яна паказвае высокі творчы патэнцыял удзельнікаў, прафесійны падыход работнікаў адукацыі", - адзначылі арганізатары.
Прадоўжыцца выстава да 21 сакавіка. Затым лепшыя работы будуць прадэманстраваны на рэспубліканскай выставе ў Мінску.
Арганізатарам мерапрыемства выступае галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.