3 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. IV Нацыянальная выстава інсітнага мастацтва Insita-2012 дала сёння старт урачыстасцям у гонар 125-годдзя Марка Шагала ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сувязь творчасці Шагала з паэтыкай прымітыўнага мастацтва неаспрэчная. Прымітывізм, да якога можна смела аднесці творчасць майстра, як мастацкая з'ява нарадзіўся з прымітыву - народнага мастацтва", - растлумачыла куратар выставы кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар. Insita-2012 у гэты раз аб'яднала працы 79 мастакоў, прычым сярод іх ёсць як мастакі наіўнага мастацтва, так і прадстаўнікі прымітывізму - прафесійныя мастакі, якія працуюць у гэтым напрамку авангарда. Акрамя беларускіх аўтараў у выставе ўдзельнічаюць госці з Санкт-Пецярбурга, Літвы. Гледачы могуць азнаёміцца з працамі з калекцый Музея наіўнага мастацтва Масквы і Музея наіўнага мастацтва Латвіі. Да 120-годдзя з дня нараджэння Шагала маскоўскі музей сумесна з віцебскімі мастакамі прымітывізму таксама праводзіў сумесную выставу. Гэты праект аказаўся даволі паспяховым - маскоўскі музей купіў дзве працы віцебскіх прадстаўнікоў наіўнага мастацтва, распавёў яго дырэктар Уладзімір Гразін. Выстава, прысвечаная 125-годдзю Шагала, адкрылася сёння адразу на трох выставачных пляцоўках Віцебска - у арт-цэнтры Марка Шагала, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Яна працягнецца да 5 мая. Сярод мноства падзей, прымеркаваных да юбілею вядомага мастака, ураджэнца Віцебска, галоўнымі будуць XXII Шагалаўскія чытанні і непасрэдна Дзень нараджэння Шагала. Шагалаўскія чытанні пройдуць з 9 па 10 чэрвеня і будуць прысвечаны гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча ў 1918-1923 гадах, якое адкрылася ў горадзе дзякуючы тагачаснаму ўпаўнаважанаму камісару па справах мастацтваў Віцебскай губерні Марку Шагалу. Заяўкі на ўдзел у чытаннях ужо даслалі мастацтвазнаўцы і шагалазнаўцы з Беларусі, Расіі, Латвіі, Францыі і Германіі.