У Полацку ў верасні адкрыецца мастацкая выстава "Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Ноўгарадская, Сафія Полацкая" па міжнародным гуманітарным праекце "Мінская ініцыятыва", паведамілі БЕЛТА ў Міждзяржаўным фондзе гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

У Полацку ў верасні адкрыецца мастацкая выстава "Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Ноўгарадская, Сафія Полацкая" па міжнародным гуманітарным праекце "Мінская ініцыятыва", паведамілі БЕЛТА ў Міждзяржаўным фондзе гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

Выстава стане вынікам супольных пленэраў маладых мастакоў Беларусі, Расіі і Украіны. Яна адкрыецца ў дні святкавання 1155-годдзя Полацка і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

У межах праекта "Мінская ініцыятыва" ў 2017-2018 гадах запланаваны сустрэчы пісьменнікаў і перакладчыкаў, прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі трох краін. Адбудзецца семінар, прысвечаны развіццю прафесійнага партнёрства журналістаў, якія асвятляюць гуманітарную тэматыку ў сродках масавай інфармацыі Беларусі, Расіі і Украіны. Прадугледжваецца рэалізацыя мультымедыйных праектаў "Музей міру" і "Тэатр. Наша спадчына".

Яшчэ адным напрамкам "Мінскай ініцыятывы" стаў міжнародны праект, прысвечаны пастаноўцы лялечных спектакляў для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Гэтая тэма будзе ў цэнтры ўвагі сустрэчы рэжысёраў, драматургаў, кампазітараў, мастакоў лялечных тэатраў, урачоў і псіхолагаў з Беларусі, Расіі і Украіны, якая адбудзецца 19-20 чэрвеня ў Маскоўскім тэатры лялек. У гэтым беларуска-расійска-украінскім семінары пад назвай "Асаблівы тэатр для асаблівага гледача" возьмуць удзел спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, мастацкі кіраўнік Маскоўскага тэатра лялек Барыс Голдоўскі, рэжысёр Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек Міхаіл Урыцкі, рэжысёр Брэсцкага тэатра лялек Аляксандр Янушкевіч. Яны абмяркуюць сумесную пастаноўку спектакля для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)