У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва (ВЦСМ) сёння адкрываецца выстава работ Міжнароднага конкурсу плаката "УНОВІС
У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва (ВЦСМ) сёння адкрываецца выстава работ Міжнароднага конкурсу плаката "УНОВІС. 21 стагоддзе" сярод студэнтаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ВЦСМ.
У ста работах удзельнікаў увасоблены трансфармацыі візуальнай мовы УНОВІС, паказана гісторыя аб'яднання і вольная трактоўка ўплыву ідэй Малевіча на сучасны дызайн і мастацтва. "Сёння плакат - не толькі і не столькі сродак інфармацыі, але і вольная творчая лабараторыя візуальнай мовы ў мастацтве і дызайне, якая ўвесь час абнаўляецца. І актуальнага візуальнага кода, які ўбірае ў сябе самыя розныя тэндэнцыі і напрамкі ў мастацтве і не толькі ў ім", - адзначылі ў цэнтры.
У лік намінацый конкурсу ўваходзіла і распрацоўка канцэпту афармлення віцебскага трамвая. Пераможцы змогуць рэалізаваць свае задумы на рэальных трамваях горада.
Міжнародны конкурс плаката да 100-годдзя УНОВІС праходзіў з 20 верасня 2019 па 20 студзеня 2020 года. Свае работы даслалі 149 удзельнікаў з 15 краін. Конкурс быў ініцыяваны Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча пры падтрымцы ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.
У Беларусі сёлета адзначаюць 100-годдзе авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВІС ("Утверждальнікі новага мастацтва"). Яно заснавана па ініцыятыве Казіміра Малевіча 14 лютага 1920 года педагогамі і навучэнцамі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча для прасоўвання наватараўскіх напрамкаў у мастацтве. З УНОВІС звязаны імёны такіх вядомых мастакоў, як Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Лазар Хідкель, Давід Якерсан, Ніна Коган, Ілья Чашнік і іншыя. Будынак вучылішча захаваўся да нашых дзён. З 2018 года там размяшчаецца Музей гісторыі ВНМВ. За падрыхтоўку яго экспазіцыі ў студзені бягучага года калектыў Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.